Хуткі цягнік «Славянскі базар» злучыць Мінск і Віцебск у дні фестывалю
7 ліпеня, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Падчас правядзення святочных мерапрыемстваў Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар" хуткі цягнік з аднайменнай назвай будзе курсіраваць паміж Мінскам і Віцебскам, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела пасажырскай службы Беларускай чыгункі Андрэй Кашко.
"У перыяд правядзення святочных мерапрыемстваў "Славянскага базару" БЧ арганізавала рух хуткага цягніка паміж Мінскам і Віцебскам", - сказаў суразмоўнік.
Расклад руху цягніка сфарміраваны з улікам магчымасці наведвання канцэртных мерапрыемстваў згодна з праграмай свята і зручнага зваротнага начнога пераезду ў Мінск. "Адлегласць ад сталіцы да "Славянскага базару" цягнік праследуе ўсяго за тры з паловай гадзіны, - адзначыў Андрэй Кашко. - Для зручнасці пасажыраў у склад цягніка ўключаны як вагоны з месцамі для сядзення, так і вагоны купэйнага тыпу, СВ і вагон-рэстаран".
Цягнік №110 "Славянскі базар" 7, 9, 12 і 15 ліпеня будзе адпраўляцца з Мінска ў 13.40 і прыбываць у Віцебск у 17.10. У астатнія дні правядзення міжнароднага фестывалю мастацтваў ён будзе адпраўляцца ў 12.02 і прыбываць у 15.32. "Пасля заканчэння ўрачыстасцей назад пасажыры змогуць з'ехаць у 01.10 і прыехаць у Мінск да пачатку руху транспарту - у 05.32", - дадаў Андрэй Кашко.-0-