Сквер Герояў будзе закладзены ў Дубровне ў год 70-годзьдзя вызваленьня Беларусі
Сквер Герояў будзе закладзены ў Дубровне ў год 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у Дубровенскім райвыканкаме.
У бягучым годзе ў скверы плануецца ўвекавечыць памяць 9 Герояў Савецкага Саюза, якія прымалі ўдзел у вызваленні раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. "Ідэя нарадзілася два гады таму. Ужо праведзена добраўпарадкаванне сквера, які размешчаны за помнікам воінам-вызваліцелям, а ў бягучым годзе плануем усталяваць тут стэлы і мемарыяльныя пліты ў гонар Герояў Савецкага Саюза, якія атрымалі высокае званне ў ходзе баёў за вызваленне Дубровеншчыны", - сказалі ў выканкаме, падкрэсліўшы, што ў далейшым сквер будзе пашырацца. Тут жа плануецца ўвекавечыць памяць 5 Герояў Савецкага Саюза - ураджэнцаў Дубровеншчыны.
У выканкаме адзначылі, што на тэрыторыі раёна размешчаны 29 воінскіх пахаванняў, дзе спачывае прах 40 тыс. воінаў. Найбольшая колькасць загінуўшых савецкіх салдат пахавана на мемарыяльным комплексе "Рыленкі" - больш за 10 тыс. воінаў, з якіх 3,1 тыс. невядомыя. "На працягу 5 апошніх гадоў у раёне праводзіцца актыўная работа па ўвекавечанні памяці загінуўшых герояў. У мінулым годзе ўстаноўлены імёны больш за 2 тыс. чалавек, іх прозвішчы высечаны на мемарыяльных плітах, якія ўстаноўлены ў месцах пахаванняў. У цэлым у 2013 годзе на ўвекавечанне памяці загінуўшых і добраўпарадкаванне месцаў пахавання ў раёне было накіравана больш за Br620 млн, у бягучым годзе на гэтыя мэты з раённага бюджэту ўжо выдзелена Br200 млн", - распавялі ў выканкаме. Грошы ў тым ліку будуць накіраваны на абнаўленне абеліска на магіле Героя Савецкага Саюза Івана Дзмітрыевіча Кандрацьева ў вёсцы Карумны.
Алена Ціханава