Сквер знакамітых ураджэнцаў Глыбоччыны адкрыўся на Дзень беларускага пісьменства
2 верасня, Глыбокае /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Сквер знакамітых ураджэнцаў Глыбоччыны адкрыўся сёння падчас святкавання Дня беларускага пісьменства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як адзначыў на цырымоніі адкрыцця старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, невыпадкова Віцебшчына прымае Дзень пісьменства ўжо пяты раз, а сёлета гэтае свята праводзіцца ў старажытным горадзе Глыбокае, які ў 2014 годзе адзначыць 600-годдзе. Па словах Аляксандра Косінца, адкрыццё сквера знакамітых землякоў-глыбачан сведчыць аб тым, што беларусы памятаюць сваю гісторыю, цэняць уклад вялікіх людзей у развіццё краіны.
Стварэнне васьмі бронзавых бюстаў і дзвюх мемарыяльных дошак, якія ўстаноўлены ў Глыбокім да Дня пісьменства, прафінансавала Міністэрства культуры Беларусі.
На тэрыторыі Беларусі столькі манументаў знакамітым беларускім дзеячам адначасова не ўсталёўвалася ўпершыню. Творы манументальнага мастацтва ўвекавечылі імёны, вядомыя ўсяму свету: Іосіф Корсак (мецэнат, на сродкі якога ў Глыбокім пабудаваны касцёл кармелітаў, Троіцкі касцёл і інш.); Язэп Драздовіч (пісьменнік, мастак, фалькларыст, археолаг); Ігнат Буйніцкі (заснавальнік айчыннага тэатра); Алесь Дубровіч (паэт, удзельнік вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі); Пётр Казлоў (Герой Савецкага Саюза генерал-лейтэнант); Павел Сухі (дважды Герой Сацыялістычнай Працы, генеральны канструктар авіяцыйнай тэхнікі); Вацлаў Ластоўскі (пісьменнік, гісторык, першы дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея); Эліэзер Бен-Іегуда (стваральнік дзяржаўнай мовы іўрыт Рэспублікі Ізраіль).
Мемарыяльныя дошкі ў бронзе створаны пісьменніку Леанцію Ракоўскаму і беларускаму грамадскаму дзеячу 20-30-х гадоў ХХ стагоддзя архітэктару Клаўдзію Дуж-Душэўскаму.
Аўтарамі твораў манументальнага мастацтва выступілі вядомыя беларускія скульптары Аляксандр Гвоздзікаў, Леў і Сяргей Гумілеўскія, Іван Казак, Валерый Магучы, Іван Міско, Канстанцін Селіханаў, Азат Тарасян, Валерыян Янушкевіч.-0-