На Міжнародны дзень птушак у Віцебскай вобласці развесяць шпакоўні і сінічнікі
1 красавіка - Міжнародны дзень птушак. Як паведамілі ў абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, сумесна з установамі адукацыі і лясгасамі ў парках, скверах і лясах будуць развешаны шпакоўні і сінічнікі. Акрамя таго, адбудуцца розныя акцыі, інфармацыйныя гадзіны, віктарыны, майстар-класы па вырабе штучных гняздоўяў. Дзень адкрытых дзвярэй пройдзе ў візіт-цэнтры дзяржаўнай прыродаахоўнай установы «Ельня» (Міёры).
Паводле даных арнітолагаў, у нашай краіне зарэгістравана 310 відаў птушак, з іх 72 занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі. На Віцебшчыне жыве каля 250 відаў. Любімыя месцы гнездавання пернатых – Бярэзінскі біясферны запаведнік, Браслаўскія азёры, балоты заказніка «Ельня» і Асвейскае возера.
СЯРГЕЙ КАВАЛЕЎСКІ, фота Антона Сцепанішчава, «Віцебскія весці»