«Славянскі базар» будуць паступова выводзіць на самаакупнасць
Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" будуць паступова выводзіць на самаакупнасць. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада па выніках пасяджэння аргкамітэта "Славянскага базару", якое прайшло пад старшынствам намесніка прэм'ер-міністра Анатоля Тозіка.
У ходзе пасяджэння арганізацыйнага камітэта выказаны прапановы па канцэптуальных падыходах да правядзення фестывалю ў 2015 годзе з улікам павелічэння пазабюджэтных даходаў. Плануецца паступова вывесці "Славянскі базар" на самаакупнасць, адзначылі ў прэс-службе.
Падтрыманы таксама прапановы аб захаванні існуючай структуры асноўных мерапрыемстваў фестывалю, якія фарміруюць яго ўнікальны творчы аблік у сусветным фестывальным руху: гала-канцэрты адкрыцця і закрыцця, канцэрт Дня дружбы "Саюзная дзяржава запрашае", міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні, міжнародны дзіцячы музычны конкурс, Дзень моладзі.
Арганізацыйным камітэтам дадзены адпаведныя даручэнні Мінкультуры, ДУ "Цэнтр культуры "Віцебск", Віцебскаму аблвыканкаму і іншым зацікаўленым аб прапрацоўцы прапаноў па павышэнні творчага ўзроўню фестывалю з улікам развароту фестывалю да тэлегледача, выхаду на самаакупнасць, пашырэння ўдзелу ў фестывалі прадстаўнікоў славянскіх дзяржаў.
На пасяджэнні падведзены вынікі XXIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Практыка паказала, што новы фармат форуму апраўдвае сябе. Павялічылася колькасць краін - удзельніц фестывалю, якія прадстаўлялі не толькі Еўропу, але і Азію, Паўночную і Паўднёвую Амерыку. Колькасць фестывальных мерапрыемстваў таксама вырасла. У 2014 годзе была зменена канцэпцыя правядзення міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні (упершыню прадугледжана правядзенне паўфіналу і двух фінальных канцэртаў з выкананнем славянскіх і сусветных хітоў). Новы фармат конкурсу ўзмацніў міжнародны статус мерапрыемства і даў выканаўцам больш шырокія магчымасці для раскрыцця сваіх галасавых і акцёрскіх даных.
Кошт квіткоў на канцэрты ў Летнім амфітэатры ў 2014 годзе склаў ад Br50 тыс. да Br1 млн 300 тыс. Фінансавыя вынікі фестывалю пацвярджаюць правільнасць выбару яго новага фармату. У цэлым у 2014 годзе з улікам астатку даходаў ад правядзення ў 2013-м (Br 1 млрд 549,1 млн) пазабюджэтныя даходы фестывалю, па папярэдніх разліках, склалі Br36 млрд 951,2 млн, або 77,5% ад агульнага аб'ёму яго фінансавання (у 2012 годзе - Br 22 млрд 869,4 млн, або 67,1%, у 2013-м - Br 30 млрд 316,7 млн, або 75,8%).
Разам з тым правядзенне фестывалю выявіла і некаторыя арганізацыйныя і творчыя праблемы, якія патрабуюць змены падыходаў у працы дырэкцыі на падрыхтоўчым этапе.