«Славянскі базар» напісаў другі том сваёй гісторыі
12 ліпеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Другі том гісторыі міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" прэзентаваны сёння ў прэс-цэнтры фестывалю. Даведачна-энцыклапедычнае выданне "Славянскі базар у Віцебску. Другое дзесяцігоддзе" падрыхтавана дырэкцыяй фестывалю да 20-годдзя знакамітага свята мастацтваў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кніга змяшчае падрабязную інфармацыю аб фестывалі з 2001 па 2010 гады. У ёй прыводзяцца праграмы фестывалю, прозвішчы ўдзельнікаў канцэртаў, рэжысёрска-пастановачных груп, якія працавалі на фестывалі, міні-інтэрв'ю з яго ўдзельнікамі.
Першы том гісторыі фестывалю ўбачыў свет у 2001 годзе і быў прысвечаны яго першаму дзесяцігоддзю. Як адзначыў заслужаны дзеяч культуры Беларусі, генеральны дырэктар цэнтра культуры "Віцебск", дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі фестывальных арганізацый (ФІДАФ) Радзівон Бас, "калі выдавалі гэту кнігу, мы слаба верылі, што з'явіцца другі том, але сёння я перакананы, што праз дзесяць гадоў убачыць свет трэці том гісторыі фестывалю".
Разам з другім томам гісторыі дырэкцыя фестывалю падрыхтавала да юбілею яшчэ два выданні - фотаальбом "Праз мастацтва да міру і ўзаемаразумення" і бібліяграфічны паказальнік, у якім сабраны спасылкі на ўсе публікацыі аб фестывалі, якія калі-небудзь выходзілі ў газетах, часопісах, альманахах.
У гонар юбілею па замове дырэкцыі фестывалю былі выраблены 100 спецыяльных медалёў "20 гадоў "Славянскі базар у Віцебску". Іх уручылі тым, хто, па словах Радзівона Баса, "тварыў гісторыю фестывалю, укладваў у яго сваю душу і энергію". Сярод узнагароджаных - пастаянная вядучая галоўных канцэртаў фестывалю Алена Спірыдовіч, нязменны вядучы "Зорных гадзін" Віктар Татарскі, артыст і кампазітар Канстанцін Масковіч, рэжысёры і пастаноўшчыкі фестывальных канцэртаў і конкурсаў, журналісты.
Юбілейныя медалі былі таксама ўручаны фотакарэспандэнту БЕЛТА Аляксандру Хітрову і намесніку рэдактара аддзела рэгіянальнай інфармацыі Дзіяне Курыла.-0-