"Славянскі базар" адпраўляе маленькіх удзельнікаў у "Краіну цудаў", а дарослых – на сцэну Летняга амфітэатра
11 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. ХХ Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" адпраўляе маленькіх канкурсантаў у "Краіну цудаў", а дарослых - на сцэну Летняга амфітэатра. Дарослы і дзіцячы конкурсы выканаўцаў эстраднай песні пачынаюцца на фестывалі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
ХХ Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск 2011" - равеснік фестывалю. Пуцёўку на вялікую сцэну ён даў не аднаму выканаўцу, таму ўдзельнічаць у ім - ужо вялікі поспех для маладых талентаў. У сёлетнім конкурсе прымаюць удзел 20 выканаўцаў з 20 краін. Беларусь прадстаўляе Алена Ланская.
Сёння ў Алены і яе сяброў-сапернікаў першы конкурсны дзень. На сцэне Летняга амфітэатра яны будуць выконваць эстрадную песню на роднай мове ў суправаджэнні фанаграмы "мінус адзін". І калі Алена ўжо ведае, што на працягу двух конкурсных дзён ёй трэба будзе выступаць пад нумарам 2, то Сашы Няхай і Ганне Атрошчанка, дэлегаваным на дзіцячы конкурс Беларуссю, каб даведацца свой шчаслівы нумар, трэба будзе адправіцца на жараб'ёўку ў "Краіну цудаў". Рэжысёры конкурсу арганізуюць для маленькіх артыстаў падарожжа на цеплаходзе ў парк адпачынку і там разыграюць з імі знакамітую казку Льюіса Кэрала "Аліса ў краіне цудаў".-0-