"Славянскі базар" пройдзе ў фармаце культурнай алімпіяды
XXV Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" будзе праведзены ў фармаце культурнай алімпіяды. Пра гэта заявіла на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Ларыса Аленская.
Гаворачы пра пытанні падрыхтоўкі і правядзення юбілейнага форуму, Ларыса Аленская падкрэсліла, што ў аснове канцэпцыі цяперашняга "Славянскага базару" - тэма 25-годдзя фестывалю і пазіцыянаванне Беларусі як цэнтра прыцягнення творчых сіл народаў свету.
"У сувязі з гэтым плануецца правядзенне фестывалю ў фармаце культурнай алімпіяды, гэта значыць максімум краін-удзельніц, відаў і напрамкаў творчай дзейнасці", - адзначыла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення.
Алімпіядная тэма будзе падтрымана ў дзень афіцыйнага адкрыцця фестывалю (14 ліпеня), калі па цэнтральнай вуліцы горада пройдзе тэатралізаваны парад удзельнікаў і гасцей "Славянскага базару", духавых і аркестраў барабаншчыц, творчых калектываў Віцебскай вобласці, прадстаўнікоў СМІ.
Парад стартуе з плошчы Леніна і фінішуе каля Летняга амфітэатра, дзе адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзняцця сцяга фестывалю, для якога будзе ўстаноўлены спецыяльны флагшток (побач з флагштокамі, на якіх на час форуму мацуюцца сцягі краін-удзельніц). Падчас фестывалю ў Віцебску адбудуцца мерапрыемствы,прысвечаныя выдатным дзеячам беларускай культуры. Так, адзін з фестывальных
дзён пройдзе пад знакам 75-годдзя народнага артыста СССР Уладзіміра Мулявіна. У
бібліятэках і музеях арганізуюць выстаўкі з фондаў Дзяржаўнага музея
гісторыі беларускай літаратуры, прысвечаныя Максіму Багдановічу, Кандрату
Крапіве, Івану Шамякіну і іншым пісьменнікам. Юбілею самага фестывалю прысвечаны
дакументальны фільм, у якім адлюстравана гісторыя форуму. Прэм'ера фільма
адбудзецца ў фестывальным Віцебску. XXV Міжнародны фестываль мастацтваў
"Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 14 па 18 ліпеня (дадатковыя
мерапрыемствы запланаваны 12-13 і 19-20 ліпеня).
Алена Ціханава, БЕЛТА.