«Славянскі базар» прайшоў для віцебскіх праваахоўнікаў спакойна
18 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Дні фестывальных мерапрыемстваў "Славянскага базару" прайшлі для праваахоўнікаў Віцебска спакойна, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Віцебскага аблвыканкама.
XX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" праходзіў з 8 па 14 ліпеня. Для забеспячэння грамадскага парадку штодня на службу заступалі каля 1,4 тыс. супрацоўнікаў АУС і ваеннаслужачых унутраных войскаў. Непасрэдна ў раёне Летняга амфітэатра дзяжурылі каля 400 міліцыянераў і ваеннаслужачых. Як і ў мінулыя гады, на выпадак непрадбачаных пазаштатных сітуацый быў прадугледжаны аператыўны рэзерв супрацоўнікаў. Грамадскія пункты аховы правапарадку ў гэтыя дні працавалі ў кругласутачным рэжыме.
Забяспечваць спакой і бяспеку грамадзян на больш высокім узроўні праваахоўнікам дапамагала ўстаноўленая сёлета новая сістэма відэаназірання. На маніторы ў аддзел аператыўна-дзяжурнай службы УУС выводзілася выява з больш чым 60 відэакамер, устаноўленых у цэнтральнай частцы горада і на прылеглых вуліцах. Акрамя таго, аўтаномная сістэма відэаназірання з 30 відэакамер функцыянавала і ў Летнім амфітэатры. Аналагічныя сістэмы ўстаноўлены ў некаторых рэстаранах, кафэ і іншых забаўляльных установах горада.
Пры праходзе ў Летні амфітэатр працавала дзевяць кантрольна-прапускных пунктаў. Пры гэтым рух транспарту ў цэнтральнай частцы горада падчас правядзення канцэртаў не перакрываўся. Супрацоўнікі ДАІ спрацавалі настолькі зладжана, што ніякіх затораў не ўтваралася, перамяшчацца камфортна было ўсім: і пешаходам, і аўтамабілістам.
Характэрна, што колькасць званкоў, якія паступаюць на лінію 102 (у асноўным аб адміністрацыйных правапарушэннях) у перыяд фестывалю не павялічылася. "Шмат у чым гэта звязана са павелічэннем шчыльнасці нарадаў", - адзначылі ва УУС, дадаўшы, што ў большасці выпадкаў пацярпелыя нават не тэлефанавалі ў міліцыю, а самі падыходзілі да супрацоўнікаў са сваёй бядой.-0-