"Славянскі базар" разгоніць хмары над Віцебскам і падорыць гораду сапраўднае лета

8 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. "Славянскі базар" разгоніць хмары над Віцебскам і прынясе ў горад сапраўднае лета, запэўніваюць карэспандэнта БЕЛТА сіноптыкі Віцебскага абласнога цэнтра па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя. Чэрвень і пачатак ліпеня не цешылі віцябчан сонечным летнім надвор'ем. Усяго пяць дзён у чэрвені замест сярэднестатыстычных сямі тэмпература падымалася да 25-30 градусаў. Але са святам у Віцебск прыйдзе цяпло, сцвярджаюць сіноптыкі. Цыклон, пад уплывам якога фарміравалася надвор'е ў мінулыя дні, адыходзіць і забірае з сабой дажджы і халоднае паветра. На змену яму ідзе антыцыклон, які ў дзень урачыстага адкрыцця XVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" 10 ліпеня падорыць камфортнае сонечнае надвор'е з прыкладна 25 градусамі цяпла і без ападкаў. Такое ж надвор'е захаваецца да канца бягучага тыдня. Ападкі сіноптыкі абяцаюць толькі месцамі. Дажджы сталі адной з прыкмет "Славянскага базару". Метэаролагі не адмаўляюць гэтага і нават склалі пагодны фестывальны рэйтынг. Так, найбольш камфортнымі з пункту гледжання тэмпературы і вільготнасці былі самы першы "Славянскі базар" у 1992 годзе, трэці - у 1994 і восьмы - у 1999 годзе. Тады тэмпература дасягала 24-31 градуса цяпла, а дажджы былі кароткачасовымі або зусім адсутнічалі. Самым халодным аказаўся шосты фестываль у 1997 годзе. Слупок тэрмометра не падымаўся вышэй за 18 градусаў. Выніжаючай 33-градуснай спёкай і поўнай адсутнасцю ападкаў здзівіў юбілейны дзясяты фестываль 2001 года. Кожны дзень ішоў дождж на другім фестывалі ў 1993 годзе і ў 2000 - на дзевятым.-0-