«Славянскі базар» з кожным годам становіцца ўсё больш відовішчным - Аніко Рэхвіяшвілі

16 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" павышае ўзровень відовішчнасці. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказала аб форуме народная артыстка Украіны, прафесар, член журы X Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2012" Аніко Рэхвіяшвілі. "На "Славянскім базары ў Віцебску" я ў восьмы ці дзявяты раз і з упэўненасцю магу сказаць, што гэта прафесійны фестываль, аб чым сведчыць колькасны склад удзельнікаў, якія сёлета прадстаўляюць 28 краін. Важна, што на працягу ўсіх гадоў правядзення форум захоўвае сваё стаўленне і патрабавальнасць да прафесіяналізму, сур'ёзнае стаўленне да вакалу і разам з гэтым павышае ўзровень шоу-майстэрства, відовішчнасці", - сказала Аніко Рэхвіяшвілі. Артыстка прызналася, што да віцебскага фестывалю ставіцца лепш, чым да "Еўрабачання", таму што ў аснову "Славянскага базару" пакладзены прафесіяналізм і чысціня творчасці. У якасці члена журы Аніко Рэхвіяшвілі прымае ўдзел у Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе другі раз. "Вельмі прыемна, што ён развіваецца і расце. У дзіцячага конкурсу новы твар, новы акцэнт, таму што тую праграму, якую нам ненадакучліва прапануюць і для дзяцей, і для членаў журы, рэжысура адчувальна адрозніваецца ад таго, што было раней. Акрамя таго, заўважна больш увагі надаецца правядзенню конкурсу, яго арганізацыі. Палепшылася і без таго прыемная атмасфера гэтага свята", - канстатавала суразмоўніца, падкрэсліўшы, што Беларусь заўсёды адрознівалася тым, што ўмее цёпла і прыгожа прымаць сваіх гасцей, але цяпер гэта набывае нейкія прафесійныя, майстэрскія рысы. Артыстка прызналася, што ў захапленні ад таго, як арганізаваны дзіцячы конкурс, што прыдумляюць арганізатары. Аніко Рэхвіяшвілі таксама адзначыла, што членам журы на конкурсе даводзіцца нялёгка. "На фестываль прыязджаюць самыя моцныя дзеці, і выбраць з іх пераможцу вельмі складана - яны ўсе лепшыя. Тут няма выпадковых дзяцей. Мы гэта адчуваем, і ў Кіеве кожны раз стараемся вельмі сур'ёзна рыхтавацца да конкурсу", - дадала яна. За аснову юбілейнага Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу яго галоўны рэжысёр-пастаноўшчык Ірына Коўлена ўзяла матыў казкі амерыканскага пісьменніка Лаймана Фрэнка Баўма "Чараўнік краіны Оз". У падрыхтоўцы і арганізацыі конкурсу задзейнічана больш за паўтысячы чалавек. Традыцыйна гэта харэаграфічныя і музычныя калектывы Цэнтра культуры "Віцебск": заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь харэаграфічны ансамбль "Зорка", узорны ансамбль танца "Ягоза", узорны ансамбль бальнага танца "Мазаіка", заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль танца "Лявоніха", узорная дзіцячая студыя эстраднай песні "Форум", народны тэатр-студыя сучаснай харэаграфіі, народны моладзевы тэатр "Кола", лепшыя харэаграфічныя калектывы горада: ансамбль класічнага танца "Піруэт", узорны ансамбль танца "Ладушкі", шоу-балет "Сенсацыя", студыя "Паралелі" Анастасіі Махавой. Упрыгожаннем праграмы з'яўляецца знаёмы віцебскай публіцы студэнцкі тэатр Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта мастацтваў і маскоўскі цырк "Кракатук". Жэраб'ёўка конкурсу адбылася напярэдадні ў парку імя Савецкай Арміі. Характэрна, што звычайнае для гэтай працэдуры хваляванне і напружанасць сярод удзельнікаў не назіраліся: дзеці з задавальненнем былі заняты гульнямі, катаннем на атракцыёнах і конях. На смарагдавай паляне ніхто з іх не адчуў сябе самотным, бо кожнага з дзяцей з нецярпеннем чакалі і прывіталі паіменна, гучна скандуючы імёны, казачныя героі краіны Оз. Атрымаўшы па пары чароўных чаравічков з нумарамі выступленняў, юныя конкурсанты запусцілі ў неба паветраныя шары, на кожным з якіх напісалі свае запаветныя жаданні.-0-