«Славянскі базар у Віцебску-2009» – рэйтынгавы лідар мінулага тыдня ў Расіі
20 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цырымонія адкрыцця XVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", якая транслявалася 11 ліпеня на тэлеканале "Расія", стала лідарам вячэрняга эфіру выхадных дзён у Расійскай Федэрацыі, пакінуўшы ззаду іншыя федэральныя тэлеканалы - Першы канал і НТБ. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.
Як паказалі вынікі даследаванняў, праведзеных TNS Media Research, урачыстае адкрыццё ў прамой трансляцыі з Віцебска ў 20.15 глядзела 20,6% тэлевізійнай аўдыторыі з рэйтынгам 5,4%. Праграмы іншых тэлеканалаў, якія выходзілі ў такі ж час, - серыял "Вясковая камедыя" (Першы канал) і серыял "Ганцы" (НТБ) - мелі рэйтынгі 5,0% і 4,2% адпаведна.
Акрамя таго, трансляцыя цырымоніі адкрыцця "Славянскага базару" ўвайшла ў топ-10 найбольш папулярных праграм тэлеканала "Расія" на тыдні з 6 па 12 ліпеня, што, бясспрэчна, сведчыць аб вялікай папулярнасці фестывалю ў расійскіх тэлегледачоў.
Як адзначылі ў прэс-службе, дзякуючы арганізаваным Белтэлерадыёкампаніяй сумесна з УГТРК трансляцыям расійскія тэлегледачы змаглі далучыцца да найбуйнейшага музычнага форуму Усходняй Еўропы, якім з'яўляецца "Славянскі базар у Віцебску". Па словах галоўнага дырэктара галоўнай тэхнічнай дырэкцыі забеспячэння тэлерадыёвяшчання Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Васілевіча, "райдар" расійскіх тэлевізіёншчыкаў быў выкананы цалкам, і яны засталіся задаволены працай беларускіх калег.
На працягу ўсіх гадоў існавання фестывалю "Славянскі базар у Віцебску" Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь выступае адным з арганізатараў і галоўным вяшчальнікам гэтага культурнага форуму, забяспечваючы тэхнічнымі сродкамі трансляцыі Першага канала, тэлеканалаў "Лада" і "Беларусь-ТБ", а таксама тэлеканала "Расія". Галоўныя мерапрыемствы свята традыцыйна транслююцца ў прамым эфіры. -0-