«Славянскі базар у Віцебску» набывае новыя рысы і застаецца ўнікальным з'явай у культуры - У.Потупчык

16 ліпеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Фестываль "Славянскі базар у Віцебску" яшчэ раз пацвердзіў, што творчасць і мастацтва - гэта цудоўная аснова для развіцця духоўных і ўмацавання культурных сувязей паміж народамі. Такое меркаванне на ўрачыстай цырымоніі закрыцця XIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" выказаў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі, старшыня арганізацыйнага камітэта фестывалю Уладзімір Патупчык, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Славянскі базар", які праводзіцца пад патранажам кіраўніка дзяржавы, набывае новыя рысы, яркія фарбы, застаючыся ўнікальным і адзіным у сваім родзе культурным мерапрыемствам у Еўропе і свеце", - сказаў віцэ-прэм'ер. Фестываль запомніцца новымі імёнамі, насычанай праграмай. Віцэ-прэм'ер выказаў удзячнасць арганізатарам фестывалю, жыхарам Віцебска і дадаў: "Мы не кажам фестывалю "да пабачэння" - кажам "да новых сустрэч на "Славянскім базары ў Віцебску". Каля 5 тыс. гасцей з 34 краін свету прымалі ўдзел у 19-м форуме мастацтваў. Упершыню на фестываль прыехалі прадстаўнікі Чарнагорыі, Панамы і Кубы. На 16 канцэртных пляцоўках фестывалю прайшлі 70 творчых праектаў, якія ўбачылі каля 150 тыс. гледачоў. XIX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" падарыў сустрэчы з майстрамі мастацтваў Беларусі, Расіі і Украіны. На галоўнай канцэртнай пляцоўцы фестывалю ў Летнім амфітэатры бліскуча выступілі Дзмітрый Хвастоўскі, Юрый Антонаў, Мікалай Баскаў, Ларыса Даліна, Валерыя, Стас Міхайлаў, Алена Ваенга, Іна Афанасьева, ансамблі "Песняры" і "Сябры", Таісія Павалій, Томас Андэрс, Чэні і Невегрын, Хелена Вондрачкова, Тота Кутуньё, Аляксандр Сераў. Гледачы змаглі ўбачыць спектаклі папулярных тэатраў з Масквы і Санкт-Пецярбурга, пазнаёміцца з новымі працамі беларускіх, расійскіх і ўкраінскіх кінематаграфістаў. На цырымоніі адкрыцця фестывалю былі ўручаны дыпломы лаўрэатам прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2009-2010 гады. Імі сталі аўтарскі калектыў у складзе народнага архітэктара Расіі Юрыя Грыгор'ева, скульптараў Беларусі Льва Гумілеўскага і Сяргея Гумілеўскага, скульптараў Расіі Юрыя Арэхава і Рыгора Арэхава, а таксама аўтарскі калектыў у складзе народных мастакоў СССР Аляксея Ткачова і Сяргея Ткачова. Сярод лаўрэатаў - народны мастак Рэспублікі Беларусь Леанід Шчамялёў. Юрый Антонаў быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны, а спецыяльная ўзнагарода Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення" была ўручана ансамблю "Песняры" і пасмяротна іх заснавальніку Уладзіміру Мулявіну. Памятная мармуровая пліта з васільком і выгравіраваным на ёй імем Уладзіміра Мулявіна і яго ансамбля была закладзена на "Алеі зорак" у першы дзень фестывалю. "Славянскі базар" з'яўляецца адным з буйных культурных праектаў Саюзнай дзяржавы. Таму стала добрай традыцыяй праводзіць Дзень Саюзнай дзяржавы. У гэты дзень прайшла традыцыйная сустрэча дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Паўла Барадзіна з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. У Віцебскім мастацкім музеі адкрылася выстава работ Леаніда Шчамялёва "Маім землякам". А завяршыўся Дзень Саюзнай дзяржавы канцэртам "Дзве сястры", праграма якога ўключала песні Кіма Брэйтбурга на вершы беларускіх і расійскіх паэтаў. Спецыяльныя дыпломы і прызы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы "За творчае ўвасабленне ідэй дружбы народаў Беларусі і Расіі" былі ўручаны беларускаму кампазітару Алегу Елісеенкаву, ініцыятару многіх праектаў фестывалю Уладзіміру Рылатку, заслужанай артыстцы РФ Веры Глаголевай і ўдзельніцы многіх канцэртных праграм на віцебскай сцэне народнай артыстцы Расіі Ларысе Далінай. Равеснікам фестывалю з'яўляецца конкурс выканаўцаў эстраднай песні. Уладальнікам Гран-пры XIX конкурсу "Віцебск-2010" стаў Дамір Кеджо з Харватыі. У конкурсе прынялі ўдзел 19 выканаўцаў з 19 краін. У восьмы раз на фестывалі праводзіўся дзіцячы песенны конкурс "Віцебск-2010". Галоўны прыз гэтага конкурсу забраў Марыё з Румыніі. На працягу ўсяго фестывальнага тыдня ў горадзе працавалі кірмашы народных майстроў, вернісаж віцебскіх мастакоў пад адкрытым небам. Фестывальнае жыццё асвятлялі каля 500 журналістаў з 20 дзяржаў. На арганізацыю і правядзенне "Славянскага базару ў Віцебску" ў 2010 годзе было выдзелена Br2,5 млрд. з рэзервовага фонду Прэзідэнта і амаль 25 млн. расійскіх рублёў са сродкаў Саюзнай дзяржавы.