"Славянскі базар у Віцебску" стаў брэндавай пляцоўкай - намеснік міністра культуры Расіі
13 ліпеня, Віцебск /Аляксандр Сам - БЕЛТА/. Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" стаў брэндавай пляцоўкай, і ўдзел у ім для расійскіх артыстаў з'яўляецца гонарам. Пра гэта заявіў сёння намеснік міністра культуры Расійскай Федэрацыі Андрэй Бусыгін на прысвечанай Дню культуры Расіі "Зорным часе" - традыцыйнай для фестывалю прэс-канферэнцыі са знакамітасцямі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Намеснік міністра культуры адзначыў, што расійскія выканаўцы ўдзельнічаюць у фестывалі з самага яго пачатку, іх выступленні нязменна карыстаюцца поспехам. У сувязі з гэтым Андрэй Бусыгін прывёў у прыклад трыумф, які быў у выступлення на канцэрце-адкрыцці фестывалю Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля народнага танца ім. Ігара Маісеева.
У Віцебску, па яго словах, могуць рэалізаваць сябе артысты як традыцыйных, так і наватарскіх напрамкаў.
У сваю чаргу народная артыстка Расіі, мастацкі кіраўнік і дырэктар Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля народнага танца ім. Ігара Маісеева Алена Шчарбакова адзначыла, што творчы калектыў удзельнічае ў фестывалі другі раз і з радасцю прыняў гэта запрашэнне. "Сімвалічна, што ў першы раз мы наведалі фестываль 10 гадоў таму. Нам хацелася б часцей прыязджаць у Віцебск. Для нас прыезд у Беларусь - гэта свята. Мы захоплены тым, як беларусы ставяцца да сваёй краіны, захоплены чысцінёй і прыгажосцю вашай зямлі, прыязнасцю", - сказала яна.
Алена Шчарбакова заявіла аб жаданні правесці гастролі ансамбля па гарадах Беларусі.
Сёння на ХХI Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" - Дзень культуры Расіі. Адбудуцца выступленні сусветна вядомага калектыву - Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля народнага танца ім. Ігара Маісеева, заслужанага артыста Расіі Леаніда Серабрэннікава, Барыса Маісеева.-0-