«Славянскі базар у Віцебску» ў 2013 годзе плануецца правесці 11-17 ліпеня

Мерапрыемствы ХХІІ Міжнароднага фестывалю "Славянскі базар у Віцебску" прапануецца правесці ў перыяд з 11 па 17 ліпеня 2013 года. Аб падрыхтоўцы да гэтага буйнога мерапрыемства ішла размова на пасяджэнні арганізацыйнага камітэта, якое правёў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада.

На пасяджэнні аргкамітэта абмеркаваны асноўныя канцэптуальныя падыходы ў правядзенні фестывалю, праграма яго асноўных мерапрыемстваў. Па традыцыі перад адкрыццём і пасля закрыцця фестывалю ў Летнім амфітэатры пройдуць сольныя канцэрты зорак эстрады. Старшыня аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні фестывалю Анатоль Тозік адзначыў: "Фестываль - гэта візітная картка нашай краіны, культурны брэнд, які неабходна развіваць з улікам знакавых падзей краіны і адлюстравання лепшых дасягненняў нацыянальнай культуры і культур славянскіх народаў". Асноўнай ідэяй ХХII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" стане яднанне славянскіх культур і народаў.

Будуць захаваны асноўныя традыцыйныя мерапрыемствы фестывалю: гала-канцэрты адкрыцця і закрыцця, канцэрты майстроў мастацтваў Беларусі, Расіі, Украіны, Саюзнай дзяржавы, міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2013", міжнародны дзіцячы музычны конкурс, Дзень моладзі, тэатральныя і кінапраекты, асобныя творчыя акцыі. Прапануецца выкарыстоўваць арыгінальныя формы падачы, разнастаіць жанравую палітру мерапрыемстваў.

Вядуцца перамовы па ўдзеле ў гала-канцэрце адкрыцця вядомых выканаўцаў Беларусі, Расіі, Украіны, іншых краін. У межах Дня Саюзнай дзяржавы (12 ліпеня) плануецца канцэрт, прысвечаны 100-годдзю народнага артыста СССР кампазітара Марка Фрадкіна. У дзень Расіі (16 ліпеня) прадугледжваецца канцэрт двойчы чырвонасцяжнага Акадэмічнага ансамбля песні і танца Расійскай Арміі імя А.В. Аляксандрава.

У праграме фестывалю плануецца канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга з удзелам папулярных выканаўцаў. У якасці старшыні журы конкурсу выканаўцаў разглядаецца кандыдатура народнай артысткі Расіі Ларысы Долінай, а дзіцячага конкурсу - народнай артысткі Беларусі Ядвігі Паплаўскай.

У больш шырокім фармаце запланавана правядзенне мерапрыемстваў Дня моладзі, які адбудзецца 13 ліпеня: прадугледжваецца правядзенне прэс-канферэнцыі, патрыятычнай акцыі "Мы памятаем і ганарымся!" з ускладаннем кветак, вянкоў моладдзю з усіх рэгіёнаў краіны да мемарыяльнага комплексу на плошчы Перамогі. Упершыню ў рамках Дня моладзі адбудзецца фестываль моладзевых субкультур і адначасова пройдзе парад моладзевых субкультур "БелаРусь у сэрцы маім!". Таксама ў рамках Дня моладзі адбудзецца міжнародны моладзевы фестываль "Агонь танца - 2013" і вячэрняя праграма ў стылі рок.

Плануецца правядзенне суправаджальных мерапрыемстваў у фестывальныя дні: свята народных рамёстваў і промыслаў "Горад майстроў", адкрытае абласное свята традыцыйнага ткацтва "Палатняныя пераплёты", свята "Беларускае падвор'е", кірмаш-продаж прадукцыі віцебскіх і беларускіх вытворцаў, канцэрты папулярных выканаўцаў, самадзейных калектываў на сцэнічных пляцоўках горада.

У мэтах правядзення мерапрыемстваў фестывалю на высокім узроўні па выніках пасяджэння арганізацыйнага камітэта дадзены адпаведныя даручэнні органам дзяржаўнага кіравання і арганізацыям. З 1 сакавіка 2013 года даручана забяспечыць інфармацыйную і рэкламную падтрымку ходу адбору ўдзельнікаў конкурсаў фестывалю, а таксама падрыхтоўкі мерапрыемстваў фестывалю. Даручана прапрацаваць шэраг пытанняў, звязаных з правядзеннем дзяржаўных закупак тавараў (работ, паслуг) для правядзення фестывалю, матэрыяльным заахвочваннем работнікаў.

БЕЛТА