"Славянскі базар" сустракае Дзень Саюзнай дзяржавы

15 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Дзень Саюзнай дзяржавы пройдзе сёння на XXI Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", перадае карэспандэнт БЕЛТА. Віцебскі фестываль з'яўляецца адным з найбуйнейшых культурных праектаў Саюзнай дзяржавы, і правядзенне Дня Саюзнай дзяржавы стала тут такой жа добрай традыцыяй, як і правядзенне нацыянальных дзён культур Беларусі, Расіі і Украіны. На працягу многіх гадоў ён нязменна пачынаецца з цырымоніі ўскладання кветак да помніка салдат, партызан і падпольшчыкаў на плошчы Перамогі. Сёння кветкі да монумента ўскладуць дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота і прадстаўнікі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, грамадскіх арганізацый ветэранаў вайны, моладзь. Затым дзяржсакратар, дэпутаты Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі правядуць прэс-канферэнцыю. Увечары ў Летнім амфітэатры адбудзецца святочны канцэрт, прысвечаны 25-годдзю Нацыянальнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь, нязменным мастацкім кіраўніком якога з'яўляецца народны артыст Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафесар Міхаіл Фінберг. У праграме "Нам 25! Усё пачынаецца спачатку" возьмуць удзел вядомыя расійскія і беларускія артысты: Максім Дунаеўскі, Сяргей Дробаценка, Вікторыя П'ер-Мары, балет "Марыданс", салісты Дзяржаўнага ансамбля танца Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Валянціна Дудкевіча, Аляксей Чумакоў і іншыя. У Доме кіно ў межах "Кінапраграмы" пройдзе паказ мастацкага фільма расійскага рэжысёра Юрыя Пагодзіна "Дом". Карціна мае шмат вартасцей, сярод галоўных - выдатная гульня акцёрскага ансамбля. Сёння на фестывалі пройдзе другі дзень міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2012" і жараб'ёўка ўдзельнікаў міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2012".-0-