«Славянскі базар» закручвае інтрыгу конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2009»
11 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. "Славянскі базар у Віцебску" закручвае сёння галоўную інтрыгу фестывалю - пачынаецца міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2009", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На сцэне Летняга амфітэатра бліжэй да паўночы адбудзецца першы канцэрт з удзелам 16 конкурсантаў. Пад фанаграму "мінус 1" яны выканаюць песню кампазітара сваёй краіны на роднай мове. Першым на сцэну выйдзе Даменіка Мартуччы дэла Торэ - сапраўдны італьянскі граф і самы сталы ўдзельнік конкурсу. Яму 32 гады. Прадстаўнік Беларусі, саліст эстрадна-сімфанічнага аркестра Гомельскай філармоніі 23-гадовы Андрэй Калосаў выступіць пад нумарам 10. Яшчэ больш давядзецца, верагодна, хвалявацца перад выступленнем яго земляку - гамяльчаніну, якому даверана выступаць ад Расіі, 26-гадоваму Дзмітрыю Даніленку. Характэрна, што яшчэ адна ўраджэнка Беларусі, народжаная ў Віцебску, будзе прадстаўляць на прэстыжным конкурсе Латвію. Гэта Крысціна Захарава, ёй 20 гадоў, і выступаць яна будзе пад нумарам 2. А следам за ёй на сцэну выйдзе ўкраінскі выканаўца Пётр Дзмітрычэнка.
Журы конкурсу сёлета ўзначальвае Лайма Вайкуле. На думку кампетэнтнай судовай калегіі, у склад якой увайшлі сапраўдныя зоркі - Міхаіл Фінберг, Роза Рымбаева, Канстанцін Масковіч, Фелікс Словачак, Крыс Тэрнер, маладыя музыканты на канцэрце-прэзентацыі паказалі, што валодаюць добрымі вакальнымі данымі, і вылучыць сярод іх відавочнага лідара даволі складана. Аднак віцебскія гледачы ўжо вызначылі сваіх любімцаў, адорыўшы іх на першым пазаконкурсным выступленні бурай авацый і крыкамі "брава".
Уладальнік Гран-пры конкурсу, а разам з ім і прэміі ў памеры $10 тыс. будзе названы па выніках другога конкурснага дня. Для аднаго з 16 намінантаў лік 13 можа стаць шчаслівым, бо менавіта ў панядзелак 13 ліпеня пройдзе цырымонія ўзнагароджання пераможцаў.-0-