«Славянскі забег» у Віцебску сабраў больш за 3 тыс. удзельнікаў

"Славянскі забег" у Віцебску сабраў больш за 3 тыс. удзельнікаў. Перад пачаткам спартыўнага мерапрыемства удзельнікаў прывітаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў.


"Забег праходзіць ужо трэці раз. З кожным годам ён прырастае на 1 тыс. удзельнікаў - у гэтым годзе іх больш за 3 тыс. Спадзяюся, у наступным годзе ваша колькасць падвоіцца. Сілы волі вам, лёгкіх кіламетраў, цярпення і перамог", - сказаў кіраўнік Віцебскай вобласці.

Забег на 3,3 км ужо адбыўся, ён быў самым масавым. У праграме спартыўнага мерапрыемства забегі на 10 км (12 гадоў і старэй), 21,1 км (15 гадоў і старэй) і 300 м (для дзяцей 5-8 гадоў). Старт і фініш размясціўся на плошчы Перамогі. Маршрут пралягае па Маскоўскім праспекце і вул. Генерала Белабародава. Кожны год праект збірае сотні аматараў бегу. У гэтым годзе ў "Славянскім забегу" прымае ўдзел і мінская каманда "Крылы Анёлаў" з дарослых атлетаў і дзяцей з інваліднасцю. Пяцёра дзяцей у калясках, маладыя людзі з аўтызмам у суправаджэнні валанцёраў выбралі розныя дыстанцыі - ад 3,3 да 21,1 км. У складзе "Крылаў Анёлаў" пераадолее выбраны маршрут у калясцы ўраджэнец Віцебскай вобласці, удзельнік Нацыянальнай паралімпійскай зборнай, матывацыйны аратар Аляксей Талай.

"Я ўпершыню прымаю ўдзел у паўмарафоне. Быў рады атрымаць запрашэнне ад "Крылаў Анёлаў". Гэта вельмі важна, калі бацькі паказваюць іншым людзям, каб яны не саромеліся сваіх дзяцей. Мы усе розныя, але мы павінны рабіць усё максімальна ад нас залежнае. Шчыра, нават не ўяўляю, як будуць вытрымліваць усе нагрузкі мае партнёры, але я сваёй энергетыкай і словамі буду ўсіх падтрымліваць", - адзначыў Аляксей. На "Славянскі забег" у Віцебск прыехалі лёгкаатлеты не толькі з Беларусі, але і Расіі. У тым ліку Аляксандр Прахароў з Санкт-Пецярбурга. Мужчына даўно займаецца бегам, і ўдзельнічаў у забегах у Фінляндыі і краінах Балтыі. "У мінулым годзе я прабег дыстанцыю ў 10 км, сёння планую адолець у 21,1 км. Вырашыў прыехаць у Віцебск яшчэ раз, таму што я тут раней працаваў і ў мяне жывуць сваякі. Выдатна, што прыязджае столькі аматараў

бегу. Адзіная просьба да арганізатараў, каб удзельнікаў размяркоўвалі па узроставых групах, бо ў 60 гадоў ніяк не зможаш бегчы, як у 20", - адзначыў Аляксандр.

Пасля падвядзення вынікаў спартыўнага мерапрыемства ўдзельнікі забегаў на 10 і 21,1 км, якія аплацілі стартавы ўзнос, атрымаюць памятныя медалі. Пераможцам на дыстанцыі 3,3 і 10 км уручаць памятныя прызы. А першых трох мужчын і трох жанчын у абсалютным першынстве на дыстанцыі 21,1 км чакаюць грашовыя прызы. Таксама падрыхтаваны падарункі і для шасці лепшых легкаатлетаў сярод хлопчыкаў і дзяўчынак на дыстанцыі 300 м. Арганізатарам "Славянскага забегу" выступіла Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі.

БЕЛТА.