«Славянскі забег» другі раз прайшоў у Віцебску ў рамках фестывалю мастацтваў

«Славянский забег» второй раз прошел в Витебске в рамках фестиваля искусств
У мінулым годзе па ініцыятыве Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі і асабіста яе старшыні прызёра Алімпійскіх гульняў па кіданні дыска наваполачаніна Вадзіма Дзевятоўскага ў Віцебску ў рамках фестывалю мастацтваў упершыню быў арганізаваны «Славянскі забег».

Радуе, што ініцыятыва знайшла працяг і ў мінулую нядзелю тысячы прыхільнікаў здаровага ладу жыцця розных узростаў сабраліся на плошчы Перамогі, каб прадэманстраваць сваю прыхільнасць да алімпійскіх ідэалаў. І гэта нягледзячы на дажджлівае надвор'е.

Асабліва ўразіла ўдзел у стартах інвалідаў-калясачнікаў, якія другі год запар падтрымліваюць дадзенае пачынанне. Сярод іх вылучаліся ўдзельнікі інклюзіўнага спартыўнага клуба «Крылы анёлаў».

Дыстанцыю кожны выбіраў сабе па душы: ад некалькіх соцень метраў да сур'ёзнага адрэзка ў 10 кіламетраў.

Начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Васіль Захарэвіч адзначыў той радасны факт, што многія ўдзельнікі прыйшлі сем'ямі, і гэта прамоўча сведчыць: спорту ўсе ўзросты пакорныя.

Пераможцы (першым 10-кіламетровую дыстанцыю з вынікам 30,5 хвіліны пераадолеў мінчанін Аляксандр Кругленя, а лепшым на гэтай трасе прадстаўніком Прыдзвіння стаў полачанін Юрый Янкулеў, які заняў 3-е месца) атрымалі памятныя медалі і грашовыя сертыфікаты, а ўсе ўдзельнікі, сярод якіх былі заўважаны прадстаўнікі з дзяржаў-суседзяў Латвіі і Расіі, – масу пазітыўных уражанняў.

Алесь Бынькоў. Фота Антона Сцяпанішчава. "Віцебскія весці".