Слесараў-зборшчыкаў лятальных апаратаў упершыню будуць рыхтаваць у Воршы
29 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Слесараў-зборшчыкаў лятальных апаратаў упершыню з гэтага навучальнага года пачнуць рыхтаваць у Аршанскім дзяржаўным прафесійным ліцэі машынабудавання. Ініцыятыва адкрыцця новай спецыяльнасці належыць Аршанскаму авіярамонтнаму заводу, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Уладзімір Троіцкі.
Рост колькасці заказаў на рамонт верталётаў і іншай лятальнай тэхнікі запатрабаваў павелічэння колькасці кваліфікаваных рабочых. Як адзначыў Уладзімір Троіцкі, прадпрыемству нявыгадна самастойна навучаць спецыялістаў, таму кіраўніцтва завода звярнулася па дапамогу ў ліцэй. У адпаведнасці з дамоўленасцямі, навучальная ўстанова будзе весці падрыхтоўку дзвюх груп навучэнцаў - на базе 9 і 11 класаў. Праграмы навучання ўзгоднены з прадпрыемствам, яно ж аказала дапамогу ў падрыхтоўцы метадычных матэрыялаў. Вытворчую практыку і працаўладкаванне завод гарантуе. Сярэдняя заработная плата на прадпрыемстве перавышае Br700 тыс., рабочыя 5-6 разрадаў атрымліваюць больш за Br1 млн.
Як паведамілі ва ўпраўленні адукацыі Віцебскага аблвыканкама, Аршанскі авіярамонтны завод стаў не адзіным прадпрыемствам, якое ініцыявала адкрыццё новых спецыяльнасцей у прафесійных ліцэях і каледжах. Па прапанове акцыянернага таварыства "Полацк-Шкловалакно" сёлета будуць набірацца групы аператараў шліхтавальнага абсталявання, праборшчыкаў і сновальшчыкаў. Задаволены пажаданні дарожных арганізацый і прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання аб падрыхтоўцы спецыялістаў. Усяго каля дзясятка новых кваліфікацый адкрыюцца ў прафесійных навучальных установах вобласці.
У Віцебскай вобласці 31 прафесійна-тэхнічная навучальная ўстанова ажыццяўляе падрыхтоўку рабочых па 67 прафесіях 134 кваліфікацый. Навучанне праходзяць 12,5 тыс. юнакоў і дзяўчат. Сёлета ў ліцэях, каледжах і вучэльнях чакаюць 10,5 тыс. выпускнікоў базавай і сярэдняй школы. Прыёмныя камісіі працягваюць сваю працу.-0-