Славакія інвестуе ў будаўніцтва жывёлагадоўчых ферм у Віцебскай вобласці

Жывёлагадоўчыя фермы са славацкімі інвестыцыямі з'явяцца ў Лепельскім і Докшыцкім раёнах Віцебскай вобласці, паведаміў намеснік старшыні камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Канстанцін Чорны.

"Славакі маюць намер інвеставаць у стварэнне ферм. У Лепельскім раёне гэта будзе мясная жывёлагадоўля, а ў Докшыцкім - авечкагадоўля. Гэты напрамак жывёлагадоўлі некалі быў папулярны на Віцебшчыне, - сказаў Канстанцін Чорны. - Фермы стануць своеасаблівымі пілотнымі праектамі, на якіх будуць адпрацаваны механізмы супрацоўніцтва з замежнымі інвестарамі ў сферы будаўніцтва больш буйных жывёлагадоўчых комплексаў і малочна-таварных ферм, таксама неабходных рэгіёну".

Сумеснае прадпрыемства па перапрацоўцы адходаў ужо створана славакамі ў Арэхаўску Аршанскага раёна. Праект прапрацоўваўся недзе паўтара года. Інвестары знайшлі партнёра - Віцебскі завод радыёдэталяў "Маналіт". Кампаньёны выпрацавалі канцэпцыю узаемадзеяння і стварылі прадпрыемства ў малым горадзе. Гэта ўдалы варыянт супрацоўніцтва, канстатаваў прадстаўнік аблвыканкама. Сёння ў Віцебску працягне працу VI Міжнародны эканамічны форум "Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы".

На пляцоўцы форуму гарады і раёны вобласці прэзентуюць свае інвестыцыйныя праекты. "Праекты розныя, у асноўным вытворчага плана, якія закліканы працаваць на мясцовыя бюджэты. Пры гэтым каля 30 праектаў дэталёва прапрацаваны. Умоўна кажучы, іх ужо сёння можна абмяркоўваць у падрабязнасцях. Мы цалкам гатовыя да прадметнага дыялогу па кожным з іх. Яшчэ 50-60 праектаў - гэта планы, ідэі, перспектывы. Іх рэалізацыя запатрабуе дадатковага часу", - рэзюмаваў суразмоўца.

Алена Ціханава - БЕЛТА.