Службы жыццезабеспячэння Віцебскай вобласці вытрымалі ўдар стыхіі
Больш за 200 адзінак тэхнікі працягваюць сёння расчыстку рэспубліканскіх і міжнародных дарог у Віцебскай вобласці.
Паводле даных на раніцу 17 сакавіка, на рэспубліканскіх аўтатрасах працуюць 135 снегаачышчальных машын, больш за сто аўтамабіляў раскідваюць пясчана-саляную сумесь, працуюць брыгады па расчыстцы мастоў ад снегу. Дарожнікі дзейнічаюць у цесным узаемадзеянні з супрацоўнікамі ДАІ, МНС, удзельнікамі дарожнага руху па працягу маніторынгу сітуацыі на магістралях.
На расчыстцы дарог паміж гарадамі і райцэнтрамі вобласці задзейнічана больш за 300 адзінак спецыялізаванай тэхнікі дарожных прадпрыемстваў, а таксама тэхніка прамысловых, сельскагаспадарчых, будаўнічых і меліярацыйных арганізацый. Толькі ў Віцебску на расчыстцы вуліц прыцягнута больш за 150 адзінак тэхнікі старонніх арганізацый.
У выніку своечасова прынятых мер і зладжаных дзеянняў абстаноўка на рэспубліканскіх і мясцовых аўтадарогах вобласці здавальняючая, забяспечаны праезд транспартных сродкаў.
Рух гарадскіх аўтобусаў ажыццяўляецца ва ўсіх гарадах і знаходзіцца пад кантролем. Для забеспячэння бесперабойнага руху працуюць аўтамабілі тэхдапамогі.
Аператыўна арганізаваны работы па ачыстцы ад снегу чыгуначных пуцей і пасажырскіх платформ. Задзейнічана каля тысячы работнікаў Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі і больш за 20 адзінак спецыялізаванай снегаўборачнай чыгуначнай тэхнікі. Збояў у руху цягнікоў не дапушчана, сітуацыя стабільная і знаходзіцца пад кантролем.
16-17 сакавіка 2013 года па распараджэнні старшыні А.Н.Косінца кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання і службаў жыццезабеспячэння вобласці знаходзяцца на працоўных месцах і арганізуюць працу.
Улас. інф