СМІ неабходна больш актыўна ўключацца ў працу са зваротамі грамадзян - А.Косінец

5 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец сёння на ўрачыстым прыёме, прысвечаным Дню друку, заклікаў рэгіянальныя сродкі масавай інфармацыі актыўней уключацца ў работу са зваротамі грамадзян, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Цяпер усе прыёмы грамадзян, якія будзе праводзіць губернатар, будуць праходзіць з удзелам журналістаў. На думку Аляксандра Косінца, гэта дазволіць паказаць, як улада рэагуе на звароты людзей, як яна займаецца вырашэннем жыццёва важных пытанняў, што хвалююць насельніцтва. "Данесці да людзей сумленную і аб'ектыўную інфармацыю - вось галоўная задача СМІ", - падкрэсліў ён. У Віцебскай вобласці працуюць 57 сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку 25 дзяржаўных газет. З 25 дзяржаўных газет у 2009 годзе рэнтабельнымі былі 10, а ў першым квартале бягучага года іх колькасць узрасла да 13. "Гэта сведчанне попыту на іх інфармацыю і іх канкурэнтаздольнасці", - лічыць Аляксандр Косінец. На прыёме адбылося ўшанаванне журналістаў рэгіянальных газет і тэлекампаній. Лепшыя калектывы газет і журналісты былі ўдастоены прэміі Францыска Скарыны, а тэлекампаніі, што адзначыліся, атрымалі прэмію "Віцязь".-0-