Смаленскія студэнты стануць гасцямі фестывалю "Хіт-парад 2009" у Віцебску

2 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Студэнты Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта стануць ганаровымі гасцямі XI фестывалю студэнцкай творчасці "Хіт-парад 2009", які стартуе сёння ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце ім. Пятра Машэрава, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле выхаваўчай работы ВНУ. Сёлетні форум прысвечаны Году роднай зямлі і пройдзе пад дэвізам "Зямля пад белымі крыламі". На суд журы будуць прадстаўлены конкурсныя праграмы 13 творчых каманд усіх факультэтаў ВНУ, а таксама Полацкага і Аршанскага каледжаў, якія ўваходзяць у структуру ўніверсітэта. Выступленні ўдзельнікаў абмежаваныя толькі часавымі рамкамі - за 50 хвілін яны павінны паспрабаваць максімальна поўна і таленавіта правесці прэзентацыю творчага патэнцыялу факультэтаў. Лепшы калектыў стане ўладальнікам пераходнага галоўнага прыза - сімвалічнай "Фестывальнай птушкі". Акрамя таго, дыпломамі і каштоўнымі прызамі будуць адзначаны прызёры фестывалю, а таксама лепшыя ўдзельнікі па больш чым 20 творчых намінацыях. Па традыцыі фестывальная праграма ўключае і шэраг пазаконкурсных мерапрыемстваў. Выкладчыкі і супрацоўнікі ВНУ змогуць прадэманстраваць творчыя дасягненні падчас канцэрта "Зоркі вялікай велічыні". Удзельнікамі прадстаўлення "Карагод дружбы" стануць разам з беларускімі кітайскія і туркменскія студэнты, якія навучаюцца ў віцебскай ВНУ. Падчас фестывалю пройдзе чацвёрты ўніверсітэцкі конкурс студэнцкай фатаграфіі "Віцебск: нечаканы ракурс". Цырымонія ўзнагароджання і гала-канцэрт лаўрэатаў і дыпламантаў форуму адбудзецца 14 красавіка. Асноўнымі мэтамі фестывалю з'яўляюцца прыцягненне моладзі да каштоўнасцей беларускай і сусветнай мастацкай культуры, раскрыццё творчага патэнцыялу студэнтаў, а таксама ўдасканаленне форм і метадаў іх эстэтычнага выхавання і арганізацыі вольнага часу. Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт ім. Пятра Машэрава выступае арганізатарам фестывалю. -0-