Смаленскія танцоры прыехалі ў Віцебск вучыцца шатландскім танцам
23 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Смаленскія танцоры прыехалі ў Віцебск вучыцца шатландскім танцам, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў цэнтры культуры "Віцебск".
Разам са смалянамі на майстар-класе займаюцца аматапы экзатычных танцаў з Гродна, Мінска, Полацка, Оршы і самога Віцебска. Такая ўвага да гэтых заняткаў у дырэкцыі цэнтра культуры патлумачылі тым, што ўрокі дае адзіны ў СНД выкладчык, які здаў прафесійныя экзамены ў Шатландыі ў асацыяцыі прафесійных настаўнікаў танца Вялікабрытаніі.
Праграма майстар-класа ў Віцебску разлічана не толькі на тых, хто даўно займаецца гэтым напрамкам харэаграфіі, але і на пачаткоўцаў. Варта адзначыць, што разам з клетчатым кілтам, валынкай і віскі, шатландскія танцы з'яўляюцца візітнай карткай Шатландыі. Па іх нават праводзяцца міжнародныя спаборніцтвы.
Дарэчы, у Віцебску не забываюць і аб развіцці нацыянальных традыцый. У тэатры лялек "Лялька" нядаўна прайшоў майстар-клас па беларускіх народных танцах. Паводле даных упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама, у вобласці створаны 26 цэнтраў аўтэнтычнай культуры. У рэгіёне рэалізуецца праект "Танцавальны фальклор і дзеці", ствараюцца гурткі і групы архаічных спеваў, абрадаў, традыцый.-0-