Смаляне будуць цэнтралізавана праходзіць рэабілітацыю ва ўстановах аховы здароўя Віцебскай вобласці
Масты дружбы і партнёрскія адносіны паміж медыкамі Віцебскай і Смаленскай абласцей наладжаны даўно. У свой час першымі кропкамі сутыкнення сталі кантакты прафсаюзных галіновых камітэтаў. Але цяпер у межах плана мерапрыемстваў па міжрэгіянальным супрацоўніцтве намечаны новыя сумесныя праекты, якія тычацца непасрэдна забеспячэння медыцынскага абслугоўвання насельніцтва абедзвюх тэрыторый.
– З камітэтам па ахове здароўя Смаленскай вобласці было заключана пагадненне аб супрацоўніцтве, якое прадугледжвае навучанне на працоўным месцы нашых і іх спецыялістаў, магчымы аб'ём аказання медыцынскай дапамогі на Віцебшчыне для жыхароў расійскага рэгіёну, – кажа начальнік упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Юрый Дзеркач. – Першае, што зацікавіла смаленскіх калег падчас іх візіту да нас, – анкалагічная служба, магчымасць дыягностыкі і лячэння расійскіх пацыентаў у Віцебскім абласным клінічным анкалагічным дыспансеры. На сённяшні дзень гэтая ўстанова аснашчана самым сучасным абсталяваннем, дзякуючы якому на высокім узроўні праводзяцца дыягностыка і лячэнне захворвання, асабліва I і II клінічнай групы, выяўляюцца нават мінімальныя клеткавыя напластаванні. Гэта дазваляе прадастаўляць якаснае медыцынскае абслугоўванне мясцоваму насельніцтву і замежным грамадзянам, у тым ліку і расіянам. У сувязі з гэтым з-за вялікай загружанасці дыспансера плануем набыць за пазабюджэтныя сродкі яшчэ адзін лінейны паскаральнік.
Акрамя таго, цяпер праходзіць перааснашчэнне анкалагічнай службы Смаленскай вобласці, але кадраў, якія ўмеюць працаваць на новым абсталяванні і валодаюць тэхналогіямі, там на дадзены момант няма. У сваю чаргу, нашы спецыялісты маюць дастаткова вялікі досвед у асваенні сучасных методык і могуць ажыццяўляць планаванне, карэкціроўку лячэння. Таксама расійскія партнёры максімальна зацікаўлены ў праходжанні навучання сваіх супрацоўнікаў на працоўным месцы, на базе Віцебскага абласнога анкадыспансера.
Дарэчы, павышэнне кваліфікацыі ўрачоў, як адзначыў Юрый Мікалаевіч, – яшчэ адна грань міжрэгіянальных кантактаў. Адным з праектаў стане правядзенне сертыфікацыі нашых спецыялістаў для аказання медыцынскай дапамогі на тэрыторыі Смаленскай вобласці. Прычым сертыфікацыю, якая пацвярджае права ажыццяўлення ўрачэбнай дзейнасці ў расійскіх медустановах, доктары вобласці будуць праходзіць у Віцебску. У выніку яны могуць праводзіць дыспансерызацыю ў лячэбных установах Смаленшчыны ў вольны ад асноўнай працы час. Найбольш запатрабаваны цяпер у суседзяў педыятры, тэрапеўты, акушэры-гінеколагі і некаторыя вузкія спецыялісты. Такім чынам, гэта дазволіць павялічыць экспарт паслуг у ахове здароўя вобласці, а для саміх працаўнікоў галіны прадаставіць магчымасць дадатковага заробку.
У сферы рэабілітацыі таксама плануецца актыўнае ўзаемадзеянне рэгіёнаў. У прыватнасці, дасягнута дамоўленасць аб накіраванні на аднаўленне ў Віцебскую вобласць пацыентаў, якія прайшлі курс лячэння ў Федэральным цэнтры траўматалогіі, артапедыі і эндапратэзавання, які знаходзіцца ў Смаленску і дзе выконваецца дастаткова вялікія аб'ёмы аперацый – парадку 5 тысяч у год. Ужо больш за 70 чалавек, праапераваных у дадзеным цэнтры, накіраваны на рэабілітацыю ва ўстановы аховы здароўя вобласці, у наступным плануецца павялічыць іх колькасць.
Рэалізацыя сумесных праектаў дазволіць Віцебшчыне выканаць намечаны на бягучы год план па экспарце медыцынскіх паслуг аб'ёмам 8 млн долараў. Атрыманыя даходы стануць дадатковымі рэсурсамі для развіцця аховы здароўя вобласці, набыцця высокатэхналагічнага абсталявання, што дазволіць укараняць сучасныя методыкі дыягностыкі і лячэння, каб у сваю чаргу забяспечыць якаснае і даступнае медыцынскае абслугоўванне для жыхароў Прыдзвіння.
Наталля Рыжкова, "Віцебскія весці"