Зніжэнне падатковай нагрузкі ў 2011 годзе пакіне ў распараджэнні прадпрыемстваў Віцебскай вобласці больш Br100 млрд.

10 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Зніжэнне падатковай нагрузкі дазволіць пакінуць у распараджэнні суб'ектаў гаспадарання Віцебскай вобласці ў 2011 годзе больш за Br100 млрд. Аб гэтым сёння на чарговай сесіі Віцебскага аблсавета паведаміў начальнік фінансавага ўпраўлення Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Сярэнка. Ён прадстаўляў дэпутатам праект бюджэту рэгіёна на 2011 год, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Праект бюджэту вобласці на наступны год прадугледжвае паступленне даходаў у суме Br4,2 трлн. Пры вызначэнні даходнай часткі бюджэту ўлічаны напрамкі бюджэтна-падатковай палітыкі і макраэканамічныя паказчыкі. Дзяржавай прыняты меры па кардынальным зніжэнні падатковай нагрузкі і падатковага адміністравання. За апошнія пяць гадоў адменены 26 плацяжоў, уключаючы абаротныя падаткі, уведзены 57 сістэмных мер па спрашчэнні падатковай сістэмы, адзначыў Аляксандр Сярэнка. Зніжэнне падатковай нагрузкі на эканоміку дазволіць пакінуць у распараджэнні прадпрыемстваў рэгіёну больш за Br100 млрд. "Гэта дадатковыя інвестыцыі і абаротныя сродкі", - падкрэсліў фінансіст. Асноўнымі крыніцамі паступленняў стануць падатак на дабаўленую вартасць, падаходны падатак, падатак на прыбытак, падаткі на зямлю і нерухомасць. Выдаткі бюджэту вобласці прагназуюцца ў суме больш за Вr4 трлн. і захоўваюць сацыяльную накіраванасць. На сацыяльную сферу будзе накіравана 57% расходнай часткі бюджэту. Пры гэтым рост выдаткаў па асобных галінах складзе 30-40% да ўзроўню 2010 года. Пры фарміраванні выдаткаў бюджэту ў эканамічнай структуры запланаваны рост заробкаў у бюджэтнай сферы, стыпендый навучэнцам і студэнтам. У мясцовых бюджэтах сканцэнтраваны значныя рэсурсы на падтрымку АПК. Яны прагназуюцца ў памеры Br483 млрд., што ў 2 разы перавышае ўзровень 2010 года. Дэпутаты Віцебскага аблсавета зацвердзілі бюджэт вобласці.-0-