Зніжэнне смяротнасці ў працаздольным узросце адзначана ва ўсіх раёнах Віцебскай вобласці

Снижение смертности в трудоспособном возрасте отмечено во всех районах Витебской области

Зніжэнне колькасці памерлых у працаздольным узросце адзначана ў 2012 годзе ва ўсіх раёнах Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама.

Па папярэдніх даных, за 2012 год паказчык смяротнасці ў працаздольным узросце склаў 5,2 праміле на 1 тыс. працаздольнага насельніцтва супраць 6,2 праміле ў 2011 годзе. Медыкі канстатуюць зніжэнне колькасці памерлых ад усіх асноўных сацыяльна значных захворванняў. У выніку прынятых мер па зніжэнні смяротнасці ад знешніх прычын колькасць загінулых ад вытворчага траўматызму ў арганізацыях вобласці зніжана практычна ўдвая, больш чым на 40% скарацілася колькасць здзейсненых суіцыдаў, на 26,6% менш зарэгістравана выпадкаў смерці ад атручвання алкаголем і яго сурагатамі, на 17,4% паменшылася колькасць загінулых на пажарах, на 3,2% - у дарожна-транспартных здарэннях.

У 2012 годзе ў вобласці паказчыкі нараджальнасці павялічыліся з 10,2 праміле ў 2011 годзе да 10,9 праміле. Найбольшая колькасць народжаных адзначаецца ў Лепельскім, Глыбоцкім, Лёзненскім, Пастаўскім раёнах, а ў Віцебску і Наваполацку нараджальнасць перавысіла смяротнасць. Разам з тым узровень нараджальнасці ў рэгіёне не забяспечвае працэс натуральнага ўзнаўлення насельніцтва.

Асаблівую трывогу выклікае дзіцячая смяротнасць ад знешніх прычын. У 2012 годзе ў вобласці адзначаны рост колькасці смерцяў дзяцей у дарожна-транспартных здарэннях і на пажарах. Медыкі лічаць актуальнай для рэгіёна задачу па зніжэнні долі знешніх прычын у структуры смяротнасці ў працаздольным узросце. "Знешнія прычыны" ўваходзяць у тройку асноўных прычын агульнай смяротнасці насельніцтва і складаюць 11,2%, а ў працаздольным узросце з'яўляюцца прычынай смерці кожнага трэцяга.

У 2013 годзе ў вобласці працягнецца рэалізацыя рэгіянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі. Аблвыканкамам прынята рашэнне аб прыняцці дадатковых мер па прафілактыцы пажараў: абследаванні супрацьпажарнага стану жылля грамадзян, якія адносяцца да груп павышанай сацыяльнай рызыкі. Мясцовыя ўлады сумесна з кіраўнікамі арганізацый працягнуць працу па стварэнні бяспечных умоў працы і павышэнні матывацыі захавання і ўмацавання здароўя работнікаў. У лютым бягучага года ў рэгіёне пройдзе прафілактычная акцыя "Зімовая дарога", накіраваная на папярэджанне аварый. У буйных гарадах вобласці супрацоўнікі ДАІ маюць намер праводзіць масаваныя адпрацоўкі па выяўленні і фіксацыі парушэнняў правілаў праезду пешаходных пераходаў.