Сабор архіерэяў возьме ўдзел у святкаванні 850-годдзя крыжа Еўфрасінні Полацкай

19 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. У святкаванні ў Полацку 850-годдзя стварэння крыжа Еўфрасінні Полацкай возьмуць удзел архіерэі Беларускай праваслаўнай царквы на чале з Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Полацкім Спаса-Еўфрасіннеўскім жаночым манастыры, дзе захоўваецца копія згубленай рэліквіі.

Патрыяршы Экзарх 26 верасня правядзе ўрачыстае ўсяночнае трыванне ў саслужэнні Сабора архіерэяў і здзейсніць чын Узвіжання Крыжа - гэта будзе апафеозам урачыстасцей, якія на працягу ўсяго верасня праходзяць у Полацку і Наваполацку. У гарадах-суседзях, цесна звязаных не толькі геаграфіяй, але і гісторыяй Полацкай зямлі, праводзяцца асветніцкія гутаркі і лекцыі, прысвечаныя гісторыі стварэння крыжа Еўфрасінні. У мясцовых бібліятэках арганізавана выстава літаратуры аб гісторыі праваслаўя на Полацкіх землях, аб жыцці і праведных справах прападобнай Еўфрасінні.

Напрэстальны крыж Ефрасінні Полацкай з'яўляецца праваслаўнай святыняй. Як сведчаць гістарычныя хронікі, Ефрасіння замовіла яго для узведзенай па яе праекце Спаса-Праабражэнскай царквы полацкаму (а па некаторых сведчаннях кіеўскаму) майстру Лазару Богшу ў 1161 годзе. Вышыня крыжа складала 51,8 см, даўжыня верхняга скрыжавання - 14 см, ніжняга - 21 см. Аснова была выканана з кіпарыса. Да пярэдняй і адваротнай паверхняў святыні мацаваліся па 11 залатых пласцін, упрыгожаных перагародчатымі эмалямі. Бакавыя бакі ўпрыгожвалі срэбныя пласціны. Крыж быў аздоблены каштоўнымі камянямі, абрамлены ніткай жэмчугу. Выявы на ім прадстаўлялі сабой амаль усю гісторыю Новага Запавету. Асаблівую каштоўнасць крыжу надавалі часціцы Крыжа Хрыстовага з кроплямі яго крыві, камень з грабніцы Божай Маці, часціцы мошчаў святых Стэфана і Панцеляймона, крыві святога Дзімітрыя. На крыж было накладзена закляцце аб неадчужэнні: "...хай не выносяць яго з манастыра ніколі, і не прадаюць, і не аддаюць. Калі не паслухаецца хто і вынясе з манастыра, хай не дапаможа яму святы крыж ні ў жыцці гэтым, ні ў будучым, хай пракляты будзе ён Святой Жыватворнай Тройцай і святымі айцамі... і хай спаткае яго доля Юды..." - выгравіравана на бакавых тарцах крыжа.

Да XIII стагоддзя крыж захоўваўся ў Полацку, у царкве ігуменні Ефрасінні, затым як ваенны трафей пераходзіў з адных рук у іншыя: спачатку апынуўся ў Смаленску, затым у Маскве. У 1563 годзе Іван Грозны пасля паспяховага паходу на Полацк вярнуў яго ў Спаса-Праабражэнскую царкву. У 1928 годзе з Полацка крыж быў перавязены ў Мінск, а ў 1929 годзе - у Магілёў, дзе і захоўваўся ў пакоі-сейфе Магілёўскага абкама і гаркама партыі. Крыж быў згублены падчас Вялікай Айчыннай вайны, аднак энтузіясты да гэтага часу працягваюць пошукі.

Падчас святкавання тысячагоддзя Полацкай епархіі і Праваслаўнай царквы ў Беларусі ў 1992 годзе было вырашана аднавіць крыж. Аднаўленне святыні было даручана брэсцкаму ювеліру-эмальеру, члену Саюза мастакоў Беларусі Мікалаю Кузьмічу. 24 жніўня 1997 года Мітрапаліт Філарэт асвяціў копію крыжа Ефрасінні Полацкай, якая ў цяперашні час захоўваецца ў Спаса-Праабражэнскім саборы Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра.-0-