Уласныя даходы бюджэту Віцебскай вобласці ў I паўгоддзі выраслі на 6%
"Фінансавыя вынікі першага паўгоддзя ўспрымаюцца з пэўным аптымізмам. Бюджэт вобласці атрымаў Br572 млн уласных даходаў", - адзначыла Інна Юшчанка. Яна растлумачыла, што ўласныя даходы - гэта асноўная частка бюджэту, якая складае больш за 70% паступленняў. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года даходы выраслі на 6%. "План паўгоддзя выкананы. Неабходна набраць тэмп, узмоцніць працу і да канца года выйсці на лічбу росту не менш за 13-15%", - дадала прадстаўнік аблвыканкама.
На сесіі была адзначана станоўчая праца Верхнядзвінскага, Віцебскага, Дубровенскага, Мёрскага, Талачынскага раённых і Наваполацкага гарадскога Саветаў дэпутатаў па выкананні даходнай часткі бюджэтаў і прыцягненні дадатковых сродкаў. Акрамя іншага, на сесіі былі прыняты рашэнні аб змяненні межаў гарадоў і раёнаў. Так, дэпутаты прагаласавалі за тое, каб тэрыторыя Віцебска прырасла за кошт уключэння ў межы горада пасёлка Руба, а межы горада Сянно пашырыліся за кошт уключэння ў склад райцэнтра Сянненскай школы-інтэрната.
Алена Ціханава - БЕЛТА.