Уласныя даходы ў бюджэтах сельскіх выканкамаў Віцебскай вобласці ў 2009 годзе складуць 73,5%

25 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Доля ўласных і замацаваных даходаў у бюджэтах сельскіх і пасялковых выканаўчых камітэтаў Віцебскай вобласці ў 2009 годзе дасягне 73,5%, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ацясаў. З прыняццем указа №21 ад 12 студзеня 2007 года "Аб павышэнні ролі органаў мясцовага кіравання і самакіравання" змянілася сістэма фарміравання бюджэтаў першаснага ўзроўню. Цяпер яны маюць 24 даходныя крыніцы, у тым ліку ў іх распараджэнні застаюцца падаходны, зямельны падатак на нерухомасць, зборы з нарыхтоўшчыкаў, курортны збор. У 2008 годзе ў бюджэты першаснага ўзроўню паступіла больш за Br26 млрд., што склала 114% да гадавых прызначэнняў. Пры гэтым доля ўласных і замацаваных даходаў дасягнула 65,1%. Мясцовыя Саветы скарысталіся прадастаўленым ім правам павялічыць асобным катэгорыям плацельшчыкаў стаўкі зямельнага падатку, падатку на нерухомасць. Яшчэ адной крыніцай даходаў стануць пазабюджэтныя фонды. Сёлета яны створаны амаль ва ўсіх раёнах. На думку Аляксандра Ацясава, павелічэнне крыніц для папаўнення бюджэту стымулюе мясцовыя выканкамы да стварэння новых прадпрыемстваў, забеспячэння стабільнай працы дзеючых, развіцця гандлю, сферы паслуг і турызму на вёсцы. Паводле даных на 1 сакавіка бягучага года, уласныя і замацаваныя даходы бюджэтаў першаснага ўзроўню вобласці перавысілі Br3,5 млрд. Іх удзельная вага ў агульным аб'ёме даходаў склала 77%. Такім чынам, у рэгіёне першасныя бюджэты датаруюцца толькі на 23%. Як падкрэсліў Аляксандр Ацясаў, перад мясцовымі органамі ўлады цяпер стаіць важная задача: нарошчваць уласныя даходы, зніжаць датацыйнасць і рацыянальна выкарыстоўваць бюджэтныя сродкі. У Віцебскай вобласці працуюць 215 Саветаў дэпутатаў першаснага ўзроўню.-0-