У Віцебскай вобласці з'явіцца ўласны тэлеканал пра здароўе

На Віцебшчыне з’явіцца ўласны тэлевізійны канал пра здароўе. Пра гэта паведаміў на пасяджэнні Савета па працоўных і сацыяльных пытаннях начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Юрый Дзеркач.

— Інфармаванне насельніцтва пра спосабы захавання ўласнага здароўя з’яўляецца адной з нашых прыярытэтных задач, — адзначыў Юрый Мікалаевіч. – Для гэтых мэт галоўным упраўленнем па ахове здароўя аблвыканкама і тэлерадыёкампаніяй «Віцебск» створаны сумесны праект «Жыві і здароўствуй», у межах якога ўжо выйшла 52 праграмы. У эфіры медыцынскія работнікі даступна і падрабязна распавядаюць пра тое, як трэба клапаціцца пра здароўе, што трэба рабіць, каб прадухіліць сур’ёзныя захворванні, якім чынам хутка апазнаць падступную хваробу і куды звяртацца, калі ўсё ж пачаліся праблемы. Плануецца, што да наступнага года ў вобласці з’явіцца тэлеканал, прысвечаны медыцыне.

— Віцебшчына — адзіная вобласць у рэспубліцы, у якой працягвае зніжацца смяротнасць, — дадаў Юрый Дзеркач. — А таксама ў жыхароў паўночнага рэгіёну за апошнія два гады самы высокі прырост чаканай працягласці жыцця.

"Віцебскія весці".