У інвалідаў па зроку ў Віцебску з'явіўся ўласны цэнтр культурнага адпачынку
Гэта падзея знакавая. Бо «Элект», як і многія іншыя вытворчасці, перажывае цяпер не самыя лепшыя часы. Аднак, як адзначалі прысутныя, нават у няпростай сітуацыі кіраўніцтва робіць усё магчымае для сваіх работнікаў.
Дырэктар прадпрыемства Сяргей Пілатаў
канстатуе: у сённяшніх эканамічных умовах неабходна як мага хутчэй адаптавацца да новых рэалій, шукаць рынкі збыту прадукцыі. Калі не будзе маштабных геапалітычных узрушэнняў, то рост вытворчасці не прымусіць сябе чакаць: ёсць загружанасць, падпісаны кантракты аб супрацоўніцтве. Галоўнае – варта разлічваць толькі на свае сілы. Вызначальную ролю адыгрываюць спецыялісты-прафесіяналы, на якіх трымаецца любая справа.Прадпрыемства ўваходзіць у структуру ГА «БелТІЗ», таму тут надаецца вялікая ўвага працоўнай і сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў па зроку, у тым ліку праз уцягванне іх у культурную арбіту. Высокая якасць праводзімай у гэтым напрамку працы была са здзіўленнем канстатавана нават прадстаўнікамі дэлегацыі Швецыі, якая традыцыйна знаходзіцца сярод лідараў у сацыяльнай сферы.
На «Элекце» функцыянуе некалькі творчых калектываў, якія маюць званне народнага, праводзяцца тэатралізаваныя мерапрыемствы. Выступаюць самадзейныя артысты і на сур'ёзных гарадскіх мерапрыемствах, частыя госці на пляцоўках «Славянскага базару». Дзякуючы фінансавай падтрымцы кіраўніцтва прадпрыемства часта выязджаюць з канцэртамі, у тым ліку ў Расію.
У «Электа» ўжо ёсць прасторная актавая зала ў філіяле, размешчаным у раёне спорткомплекса «Лакаматыў», аднак, улічваючы, што большасць работнікаў занятыя на галоўным прадпрыемстве на вуліцы Камсамольскай, узнікалі праблемы перамяшчэння на рэпетыцыі і канцэрты людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а іх тут каля паловы.
Пры добраўпарадкаванні цэнтра культуры і адпачынку (раней тут была заводская сталовая, якую перанеслі ў іншае месца) абышліся ўласнымі сіламі. Акрамя актавай залы, якая расчыніла свае дзверы, тут маюцца грымёрная, рэпетыцыйная, касцюмерная, іншыя неабходныя памяшканні.
Перад тым як перарэзаць сімвалічную стужку, Сяргей Пілатаў адзначыў, што ў яго падпарадкаванні ёсць шмат людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія паказваюць усім астатнім прыклад стаўлення да каштоўнасцей жыцця. Яны ўмеюць і працаваць, і весяліцца, актыўна займаюцца спортам у розных секцыях. Ды яшчэ як займаюцца! Аматары голбола, міні-футбола і настольнага тэніса для невідушчых сёння наймацнейшыя ў нашай краіне.
А затым на сцэну выйшлі тыя, для каго яна і прызначана. Запальныя песні народных музычных калектываў «Хорус» і «Кросны», выступленне тэатральнай студыі прымусілі ўсіх забыць пра крызісы любога плана. А бо добры і пазітыўны настрой з'яўляецца галоўным залогам паспяховай дзейнасці ў розных сферах.
Алесь Бынькоў, «Віцебскія весці».