Фестываль сярэднявечнай культуры «Рубон» у Полацку абяцае стаць падзеяй агульнарэспубліканскага маштабу
Пройдзе ён 23 – 25 мая ля сцен Сафійскага сабора.
Гэты іміджавы праект закліканы не толькі адраджаць слаўныя гістарычныя традыцыі, але і садзейнічаць развіццю эканомікі, павышаць прэстыж і турыстычную прывабнасць рэгіёна. Менавіта так пазіцыянуюць фестываль яго арганізатары – Полацкі райвыканкам, народны тэатр гістарычнага касцюма «Полацкізвяз» і ЧТУП «Галерея мастеров».
У 2010 годзе
«Рубон» праводзіўся ў рамках міжнароднага турыстычнага праекта «Бела Дзвіна», а цяпер стане адной з ініцыятыў Года гасціннасці. Дата правядзення фестывалю вызначана з улікам таго, каб пры жаданні яго змаглі наведаць госці і ўдзельнікі чэмпіянату свету па хакеі. Адпаведныя прапановы ўжо разасланы ў шматлікія турыстычныя кампаніі.Што ж прапануюць полачане гасцям свята?
— Мы хочам узнавіць эпоху Сярэднявечча, якая прыцягвае нашых сучаснікаў духам рамантызму, высакароднасці і воінскай доблесці, – распавяла актывістка народнага тэатра
«Полацкізвяз» Еўгенія Кавалёва.– Кожны раз мы стараемся нечым здзівіць дасведчаную публіку, каб не зніжаць аднойчы зададзены высокі ўзровень фестывалю, – растлумачыў Алег Хвяжэнка, дырэктар прадпрыемства
«Галерея мастеров», якое пастаянна падтрымлівае цікавыя праекты гістарычнай і культурнай накіраванасці.Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Аляксей Клінішоў адзначыў, што сёлета свята фактычна сумясціць адразу тры фестывалі: акрамя рыцарскага, яшчэ кулінарны і музейны. Удзельнікі міжнароднага праекта
«Бела Кузіна» прадставяць у Полацку прыгатаваныя па старадаўніх рэцэптах стравы традыцыйнай кухні. А музейныя работнікі краін-суседаў абмяняюцца вопытам у межах праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Літвы, Латвіі і Беларусі.Адным з новаўвядзенняў стане дэманстрацыя побыту сярэднявечча. Плануецца, што госці мерапрыемства змогуць прайсціся па старадаўніх вуліцах, зазірнуць у дамы прадстаўнікоў трох культурных эпох. Убачыць, у што яны апраналіся, як гатавалі ежу, якія ўпрыгожанні насілі. Узброеныя рыцары ў воінскіх даспехах, іх прыгожыя дамы ў раскошных доўгіх сукенках, манахі, рамеснікі, гандляры, музыканты створаць атмасферу адной з самых прывабных гістарычных эпох.
На фестывалі будзе працаваць дзіцячая пляцоўка з батлейкай, аніматарамі і сярэднявечнымі забавамі. Разнастайныя амулеты, абярэгі, сувеніры і ўзоры старадаўняй зброі можна будзе набыць на спецыяльна арганізаванай кірмашы.
Ларыса Малашаня, "Віцебскія весці"