Сафійскі сабор у Полацку зноў адкрыў дзверы для экскурсантаў

20 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Сафійскі сабор у Полацку зноў адкрыў дзверы для экскурсантаў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Вольга Барадзіч. У сярэдзіне чэрвеня ў храме-музеі пачалася рэканструкцыя даху. У сувязі з гэтым для бяспекі наведвальнікаў былі спынены экскурсіі. І вось пасля месячнага перапынку доступ наведвальнікаў унутр адноўлены. Аднак колькасць экскурсій абмежавана, бо работы на даху яшчэ працягваюцца, дадала Вольга Барадзіч. Паслухаць знакаміты арган Сафійскага сабора таксама яшчэ нельга, але ўжо восенню помнік архітэктуры ў поўнай меры адновіць сваю дзейнасць і як музей, і як канцэртную залу, запэўніла дырэктар. Праект рэстаўрацыі Сафійскага сабора разлічаны на тры гады і ўключае замену страпільнай сістэмы, сталярныя работы па змене аконных блокаў, рамонт фасада і адмосткі. Фінансаванне вядзецца з рэспубліканскага бюджэту. Сафійскі сабор з'яўляецца помнікам архітэктуры сярэдзіны XI - сярэдзіны XVIII стст. Пабудаваны на высокім беразе Заходняй Дзвіны, ён з'яўляецца адным з самых ранніх храмаў Старажытнай Русі нароўні з Кіеўскім і Ноўгарадскім Сафійскімі саборамі і самай старажытнай каменнай пабудовай на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Полацкі храм некалькі разоў перабудоўваўся. У XV стагоддзі ў яго з'явіліся рысы храма-крэпасці, а ў XVIII стагоддзі пад уплывам віленскага барока быў цалкам зменены знешні выгляд праваслаўнага храма. Цяпер ад храма XI стагоддзя засталіся невялікія фрагменты апсіднай часткі і фундамента. Як музей Сафійскі сабор існуе з 1987 года. Экспазіцыйная плошча складае 870 кв.м. Экспанаты музея распавядаюць пра гісторыю архітэктуры, пра шматлікія перабудовы, рамонты і апошнюю рэстаўрацыю помніка, якая праходзіла ў канцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Канцэртная зала ў Сафійскім саборы была адкрыта ў 1983 годзе, разлічана на 304 месцы. У канцэртнай зале Сафійскага сабора штогод у красавіку і лістападзе праходзяць фестывалі старадаўняй і сучаснай камернай і арганнай музыкі, кожную нядзелю - канцэрты арганнай музыкі.