Сафійскі сабор у Полацку зачыняецца на рэстаўрацыю
1 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Сафійскі сабор у Полацку закрываецца на рэстаўрацыю, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Вольга Барадзіч.
Праект рэстаўрацыі разлічаны на тры гады і ўключае замену страпільнай сістэмы, сталярныя работы па змене аконных блокаў, рамонт фасада і адмосткі. Фінансаванне работ будзе весціся з рэспубліканскага бюджэту.
Праз два тыдні будаўнікі прыступяць да першага этапу - замены страпільнай сістэмы. Плануецца, што дах будзе адрамантаваны на працягу лета, і на гэты час доступ у музей, які адначасова з'яўляецца і канцэртнай залай, будзе закрыты. Знакаміты полацкі арган на час работ будзе ўкрыты ахоўнымі матэрыяламі, а пасля рамонту яго санітарную апрацоўку правядуць спецыялісты з Германіі.
Як падкрэсліла Вольга Барадзіч, Сафійскі сабор перастане прымаць шматлікіх турыстаў толькі на перыяд рамонту даху, аднак экскурсіі па музеі працягнуцца. Яны будуць віртуальнымі - у выглядзе мультымедыйных прэзентацый, і будуць праходзіць у музеі беларускага кнігадрукавання.
Сафійскі сабор з'яўляецца помнікам архітэктуры сярэдзіны XI - сярэдзіны XVIII стст. Пабудаваны на высокім беразе Заходняй Дзвіны, ён з'яўляецца адным з самых ранніх храмаў Старажытнай Русі нароўні з Кіеўскім і Ноўгарадскім Сафійскімі саборамі і самай старажытнай каменнай пабудовай на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Полацкі храм некалькі разоў перабудоўваўся. У XV стагоддзі ў яго з'явіліся рысы храма-крэпасці, а ў XVIII стагоддзі пад уплывам віленскага барока быў цалкам зменены знешні выгляд праваслаўнага храма. Цяпер ад храма XI стагоддзя засталіся невялікія фрагменты апсіднай часткі і фундамента. Як музей Сафійскі сабор існуе з 1987 года. Экспазіцыйная плошча складае 870 кв.м. Экспанаты музея распавядаюць пра гісторыю архітэктуры, пра шматлікія перабудовы, рамонты і апошнюю рэстаўрацыю помніка, якая праходзіла ў канцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя.
Канцэртная зала ў Сафійскім саборы была адкрыта ў 1983 годзе, разлічана на 304 месцы. У канцэртнай зале Сафійскага сабора штогод у красавіку і лістападзе праходзяць фестывалі старадаўняй і сучаснай камернай і арганнай музыкі, кожную нядзелю - канцэрты арганнай музыкі.-0-