Пагадненне аб супрацоўніцтве падпісалі прадпрымальнікі Віцебскай і Пскоўскай абласцей у рамках выставы "Малы бізнес у фестывальным Віцебску".
Выстава «Малы бізнес у фестывальным Віцебску» сёлета ўпершыню суправаджалася Міжнароднай бізнес-канферэнцыяй «Дзяржаўная падтрымка прадпрымальніцтва. Дасягненні і метады далейшага развіцця інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва». У межах сустрэчы было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж бізнес-супольнасцю Пскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі і Віцебскім аблвыканкамам, ад імя якога сваю подпіс паставіў намеснік старшыні Алег Мацкевіч.
Апошнім часам супрацоўніцтва Пскоўшчыны і Віцебшчыны прыкметна актывізавалася, прычым па розных напрамках. Не засталіся ўбаку і прадстаўнікі прыватных структур. Як паведаміў начальнік упраўлення прадпрымальніцтва камітэта эканомікі аблвыканкама Аляксандр Трафімаў, нядаўна дэлегацыя Прыдзвіння наведвала суседнюю вобласць, дзе адбыліся канструктыўныя перамовы ў межах інвестыцыйнай выставы-кірмашу. І вось – адказны візіт, але ўжо з падрыхтаваным пагадненнем на руках.
– Мы бачым перспектывы супрацоўніцтва ў сферах апрацоўчай і лёгкай прамысловасці, дрэваапрацоўкі, вытворчасці энергазберагальнай прадукцыі. Акрамя таго, нас цікавіць сама сістэма падтрымкі прадпрымальніцтва, створаная на Пскоўшчыне. У далейшым плануецца сустрэча бізнесменаў двух бакоў, дзе яны маглі б абмеркаваць назрэлыя ўзаемавыгадныя кантракты, – адзначыў Аляксандр Іванавіч.
Падпісанае пагадненне адкрывае вялікія магчымасці для развіцця малога і сярэдняга бізнесу двух прыгранічных рэгіёнаў. У прыватнасці, віцебскія прыватныя суб'екты гаспадарання змогуць ствараць сумесныя прадпрыемствы з калегамі з Расіі, рэалізоўваць усемагчымыя праекты, пашыраць сваю прысутнасць на рынку Пскоўшчыны, а таксама бясплатна прымаць удзел у выстаўках-кірмашах. Пра гэта паведаміла дырэктар Пскоўскага фонду гарантый і развіцця прадпрымальніцтва Святлана Жураўлева.
– Пры фондзе створаны кансультацыйны цэнтр для прадпрыемстваў, якія вядуць знешнеэканамічную дзейнасць. У нас ужо ёсць вопыт падобнага супрацоўніцтва з Мінскам і Полацкам, цяпер будзем ствараць сістэму цеснага ўзаемадзеяння і рэальнага партнёрства з Віцебскам, – адзначыла Святлана Іванаўна. У нашым горадзе яна ўпершыню, але добра ведае пра яго дзякуючы шырока вядомай у Пскове абутку віцебскіх вытворцаў, вырабам з бавоўны і лёну. А вось пазнаёміцца з прадукцыяй прыватных структур расійскага рэгіёну госці і жыхары сталіцы «Славянскага базару» могуць на выстаўцы, якая праходзіць на пляцоўцы каля культурна-гістарычнага комплексу «Залатое кальцо Віцебска «Дзвіна».
На канферэнцыі прысутнічалі прадстаўнікі і іншых рэгіёнаў і дзяржаў. Да прыкладу, старшыня аб'яднання
«Апора Расіі» ад Разанскай вобласці Павел Гуршчанкоў, які таксама спадзяецца на інтэграцыю прадпрымальніцкай супольнасці разанскага і віцебскага рэгіёнаў.Вялікая ўвага на сустрэчы была ўдзелена абмеркаванню інавацыйнага патэнцыялу развіцця прадпрымальніцтва, а таксама дзяржаўнай падтрымцы малога і сярэдняга бізнесу на заканадаўчым узроўні.
– Уся наша праца накіравана на развіццё прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь, на дапамогу малому і сярэдняму бізнесу. Менавіта таму запрасілі прадстаўнікоў бізнес-супольнасцей і органаў улады суседніх дзяржаў. Дзелавы дыялог можа дапамагчы нашым прадпрымальнікам рэалізаваць сябе, – лічыць дырэктар Віцебскага абласнога цэнтра маркетынгу Ірына Макаранка. Менавіта гэтая структура стала ініцыятарам правядзення мерапрыемства, якое адбылося пры падтрымцы аблвыканкама.
Вольга Маслоўская, "Віцебскія весці"