Саюз турагентстваў Турцыі Tursab зацікаўлены ў арганізацыі тураў у Віцебскую вобласць

20 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Саюз турыстычных агенцтваў Турцыі Tursab выказаў зацікаўленасць у арганізацыі тураў у Віцебскую вобласць, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік справамі Віцебскага аблвыканкама Аляксей Мацюшко. У канцы жніўня прадстаўнікі турэцкіх турыстычных кампаній наведаюць Віцебскую вобласць і азнаёмяцца з турыстычным патэнцыялам рэгіёна. Яны здымуць прэзентацыйны фільм і падрыхтуюць матэрыялы для рэкламнага выдання аб Віцебшчыне і відах адпачынку, якія тут можна прапанаваць замежным гасцям. Дамоўленасць аб гэтым была дасягнута падчас візіту прадстаўнікоў упраўлення фізкультуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама, дзяржаўнага прадпрыемства "База адпачынку "Крупеніна" ў Турэцкую Рэспубліку, арганізаванага пры падтрымцы пасольства Беларусі ў Турцыі. Па словах Аляксея Мацюшко, значную цікавасць у турэцкіх арганізатараў адпачынку выклікалі паляўнічыя туры, агратурызм, гістарычны і медыцынскі турызм. Падчас візіту беларуская дэлегацыя таксама азнаёмілася з сістэмай арганізацыі турыстычнай справы на прыкладзе кампаніі ТТА Трэвел. Яе вопыт прыцягнення замежных турыстаў і працы з імі мае намер пераняць база адпачынку "Крупеніна". Па дадзеных упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама, у студзені-лютым 2011 года ў вобласці аказана платных турыстычных паслуг больш чым на Br4 млрд. Экспарт паслуг склаў $1,5 млн., што на 91% больш, чым за аналагічны перыяд 2010 года. Сальда склалася станоўчае ў памеры $1,3 млн. Па выніках 2010 года ў вобласці было аказана турыстычных паслуг на Вr28,7 млрд., тэмп росту ў супастаўных цэнах да 2009 года перавысіў 130%. Экспартавана туруслуг на суму больш $9 млн., што на 50% больш, чым у 2009 годзе. Сальда склалася станоўчае і дасягнула амаль $7,9 млн.-0-