Саюзная дзяржава павінна прагрэсаваць і ва ўмовах Мытнага саюза - меркаванне вучоных
16 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Саюзная дзяржава павінна існаваць і прагрэсаваць і ва ўмовах Мытнага саюза. Такі пункт гледжання выказалі беларускія і расійскія вучоныя сёння на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Канцэптуальныя асновы працэсу інтэграцыі Расіі і Беларусі", якая праходзіць у Віцебску ў рамках пасяджэння Міжакадэмічнага савета па праблемах развіцця Саюзнай дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Саюзная дзяржава стварыла ўмовы для эканамічнай інтэграцыі Расіі, Беларусі і Казахстана ў Мытны саюз", - лічыць супрацоўнік Інстытута эканомікі Расійскай акадэміі навук доктар эканамічных навук Барыс Вардомскі. Саюзнай дзяржавай нямала зроблена для інтэграцыі ў сацыяльным напрамку, і ў яе ёсць перспектывы для нарошчвання дзейнасці ў навуковай, адукацыйнай інавацыйнай сферах.
На думку супрацоўніка Інстытута эканомікі РАН кандыдата эканамічных навук Дар'і Ушкалавай, Мытны саюз ёсць не што іншае, як класічнае аб'яднанне на аснове эканамічных інтарэсаў і заканамерны працэс пашырэння інтэграцыі Беларусі і Расіі. Далейшае развіццё Мытнага саюза будзе грунтавацца на беларуска-расійскіх адносінах, перакананая вучоная. Гэта тлумачыцца тым, што ступень інтэграцыі паміж Беларуссю і Расіяй больш высокая, чым паміж Беларуссю і Казахстанам і Расіяй і Казахстанам.
Падчас міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі вучоныя разгледзелі пытанні эканамічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва як асновы інтэграцыйных працэсаў, абмеркавалі праблемы развіцця нарматыўна-прававой базы інтэграцыі, а таксама сацыялагічныя і ідэалагічныя аспекты інтэграцыйных працэсаў. У канферэнцыі прынялі ўдзел вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Расійскай акадэміі навук.-0-