Саюзная дзяржава прафінансуе аднаўленне помніка Героям вайны 1812 года ў Полацку
12 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Саюзная дзяржава выдзеліла больш за 44 млн. расійскіх рублёў на аднаўленне помніка Героям вайны 1812 года ў Полацку, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік Дэпартамента сацыяльнай палітыкі і інфармацыйнага забеспячэння Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы (СД) Ірына Наркевіч.
Рашэнне аб фінансаванні аднаўлення помніка прынята Пастанкамам у сувязі з тым, што вайна з Напалеонам стала агульнай бядой і агульнай перамогай народаў Беларусі і Расіі, адзначыла суразмоўніца. Гэты праект ужо распрацаваны. Прыступіць непасрэдна да аднаўленчых работ плануецца ў бліжэйшы час, а адкрыццё плануецца правесці ў 2010-2011 годзе.
Аднаўленне манумента ўключана ў Комплексную праграму развіцця Полацка на перыяд да 2012 года. Усталяваць яго плануецца там жа, дзе ён стаяў першапачаткова. Сімвалічна, што недалёка ад гэтага месца знаходзіцца пахаванне савецкіх салдат, якія загінулі пры вызваленні Полацка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Помнік Героям 1812 года быў адкрыты ў Полацку ў 1850 годзе. Аўтарам праекта з'яўляўся архітэктар Фіксен. Манумент уяўляў сабой піраміду, увянчаную купалам з пазалочаным крыжам, вакол якой стаялі 8 чыгунных калон з купаламі, на якіх сядзелі пазалочаныя арлы. Усё гэта стаяла на пастаменце цыліндрычнай формы. Вышыня помніка была 23,7 м, а агульная вага дасягала 221 т. У 1930-х гадах ён быў разбураны. Такая ж доля напаткала і манумент пад Барадзіно. Да нашых дзён захаваўся толькі помнік у Смаленску.-0-