Саюзу моладзі - 20! У Віцебску адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае юбілею БРСМ

Канцэрт-прысвячэнне "БРСМ 20. Нас мільёны сэрцаў", прысвечаны 20-годдзю з дня ўтварэння Саюза моладзі, сабраў на базе ВДУ імя П. Машэрава актывістаў студэнцкіх атрадаў, валанцёрскага, праваахоўнага руху, пераможцаў творчых конкурсаў, тэрытарыяльных арганізацый БРСМ, партнёраў Саюза моладзі. 

У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін, памочнік Прэзідэнта - інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, прадстаўнікі мясцовых органаў улады, ВНУ.

Перад пачаткам канцэрта ў фае ўніверсітэта Віцебскі абласны камітэт "БРСМ" прэзентаваў інтэрактыўныя пляцоўкі па напрамках дзейнасці. Маладыя людзі змаглі прыняць удзел у віктарынах, сабраць тэматычныя пазлы, зняць відэа для ТыкТока, пакінуць пажаданні Саюзу моладзі на банеры, сфатаграфавацца ў фотазонах.



 

Старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін павіншаваў арганізацыю з Юбілеем:
- Саюзу моладзі 20 гадоў. Ужо можна азірнуцца назад, паглядзець, чаго дасягнулі, чаму парадавацца, дзе зрабіць працу над памылкамі. Жадаю ўсім у гэты святочны дзень моцнага здароўя, новых ініцыятыў, невычарпальнай энергіі. Няхай арганізацыя, як сапраўдны пераемнік камсамола, стане кузняй кадраў, тым цэнтрам, куды будзе імкнуцца наша моладзь, цэнтрам, дзе ініцыятывы перарастаюць у рэальныя справы. Няхай быць членам БРСМ будзе так жа прэстыжна, як быць членам камсамола.

Анатоль Ліневіч адзначыў, што 20 гадоў у маштабах нашай маладой дзяржавы – гэта адрэзак часу, пад якім можна падвесці рысу, зрабіць аналіз і ісці далей. Ён акцэнтаваў увагу, што трэба зрабіць усё, каб нашы маладыя людзі выглядалі годна ў любой кропцы свету, каб моладзь праслаўляла Беларусь. "У добры шлях, поспехаў, працвітання, міру і дабра", – пажадаў Анатоль Канстанцінавіч.

На мерапрыемстве Ганаровай граматай аблвыканкама ўзнагароджана старшыня Цэнтральнай камісіі па кантролі і аналізе БРСМ Марына Кашкур, падзякай аблвыканкама – сакратар Віцебскага абкама БРСМ Таццяна Рык.

Ганаровай граматай Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў за шматгадовую і плённую працу ў сістэме рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ўзнагароджана Наталля Правілава – галоўны бухгалтар Сенненскага райкама БРСМ.

Таксама на ўрачыстым мерапрыемстве маладыя работнікі тэрытарыяльных камітэтаў БРСМ атрымалі з рук першага сакратара абласнога камітэта Уладзіміра Бабічава "Пуцёўкі ў жыццё". У адрас Саюза моладзі прагучалі словы віншаванняў ад партнёраў, сярод якіх РГА "Патрыёты Беларусі", абласное аб'яднанне прафсаюзаў, Віцебскія арганізацыі Чырвонага Крыжа, Саюза жанчын, БРПА, Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане і іншых.

Свае творчыя нумары ўдзельнікам і гасцям свята падарылі лепшыя студэнцкія калектывы ВНУ рэгіёна.

Даведачна: 6 верасня 2002 года аб'ядналіся 2 арганізацыі – Беларускі патрыятычны саюз моладзі і Беларускі саюз моладзі. У выніку з'явілася самая масавая моладзевая арганізацыя краіны – "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі". За 20 гадоў гісторыі БРСМ прэзентаваў і ўвасобіў у жыццё мноства цікавых ідэй і праектаў.

 

"Віцебскія весці"