Скарачаць дзяржпраграму па меліярацыі зямель пакуль не плануецца - А.Булыня
21 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Скарачаць дзяржаўную праграму захавання і выкарыстання меліяраваных земляў на 2011-2015 гады пакуль не плануецца. Аб гэтым паведаміў сёння, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, дырэктар дэпартамента па меліярацыі і водных рэсурсах Мінсельгасхарчу Анатоль Булыня. У Віцебску ён прымае ўдзел у пасяджэнні КУП "Віцебскмеліяводгас".
"На дадзены момант інфармацыі аб скарачэнні фінансавання гэтай праграмы ў мяне няма", - падкрэсліў Анатоль Булыня. Разам з тым ён не выключыў такой верагоднасці, бо ў бліжэйшы час будуць перагледжаны ўсе дзяржпраграмы рэальнага сектара эканомікі.
Фінансаванне дзяржпраграмы захавання і выкарыстання меліяраваных земляў на 2011-2015 гады запланавана ў аб'ёме Br3 трлн. "Гэта адна з найважнейшых інвестыцыйных праграм на бягучую пяцігодку. Таму змены, магчыма, яе і не закрануць", - ва ўсякім выпадку, выказаў здагадку дырэктар дэпартамента па меліярацыі і водных рэсурсах Мінсельгасхарчу. -0-