Салдаты і тэхніка ў мініяцюры - у Віцебску адкрылася выстава прыватных калекцый пра вайну

Выстава "Гісторыя ў мініяцюры" сёння адкрылася ў Віцебскім абласным музеі Героя Савецкага Саюза Міная Шмырова. Экспазіцыя прымеркавана да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Беларусі.

Выраб ваенна-гістарычнай мініяцюры і калекцыянаванне карыстаюцца ўсё большай папулярнасцю ў мадэлістаў, аматараў ваеннай гісторыі ў цэлым. Мініяцюра знаходзіць прыхільнікаў сярод людзей любога ўзросту і прафесій. На выставе ў Віцебску прадстаўлена каля 100 экспанатаў з прыватных калекцый Уладзіміра Уданоўскага, Анатоля Шыловіча і Леаніда Ялова.

Умоўна выставу можна падзяліць на дзве часткі - адна прадстаўляе фігуры вайскоўцаў (маштаб 1:32), другая - тэхніку. "Па фігурах салдат можна прасачыць развіццё рыштунку, абмундзіравання, у тым ліку калі яшчэ не было пагонаў - з 1941 па 1943 год. Таксама прадстаўлены ўзоры танкаў, аўтамабільнай тэхнікі, у асноўным ЗІС і ГАЗ. На плячах гэтых машын лягло забеспячэнне Чырвонай арміі, перавозка людзей", - распавёў галоўны захавальнік фондаў музея Шмырова Дзяніс Якаўлеў.

Адзін з цікавых экспанатаў выставы - грузавы аўтамабіль ЗІС, які ўмельцы пераабсталявалі для язды па чыгунцы. Машына ў гады вайны выкарыстоўвалася замест лакаматыва і перавозіла боепрыпасы. Таксама можна ўбачыць снегаўборачную машыну ў мініяцюры, якая расчышчала "Дарогу жыцця" на Ладажскім возеры.

Выстава "Гісторыя ў мініяцюры" будзе працаваць на працягу месяца.-0-