Саліст «Песняроў» узначаліць журы моладзевага фестывалю ў Воршы
14 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Фестываль творчасці моладзі "Аршанскі першацвет" пройдзе ў Оршы 15-16 красавіка, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела па справах моладзі Аршанскага гарвыканкама Алег Смірноўскі.
Штогадовы фестываль збярэ творчую моладзь прафесійна-тэхнічных і сярэднеспецыяльных навучальных устаноў Оршы ў 13-ы раз. Сёлета пасля трох папярэдніх адборачных этапаў права на ўдзел у ім заваявалі 44 калектывы, якім трэба будзе выступіць у намінацыях "вакал", "дэкламацыя" і "харэаграфія".
Алег Смірноўскі адзначыў, што ўзровень майстэрства ўдзельнікаў і прэстыж гэтага творчага спаборніцтва пастаянна растуць. Пра гэта сведчыць вялікая папярэдняя падрыхтоўка маладых людзей да адборачных этапаў, іх сур'ёзная праца з педагогамі напярэдадні фіналу і высокі ўзровень прафесійнага журы конкурсу. Так, сёлета яго ўзначаліць саліст папулярнага беларускага вакальна-інструментальнага ансамбля "Песняры" Валерый Скаражонак.
Пераможцы фестывалю будуць названы 16 красавіка. Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць аддзел па справах моладзі Аршанскага гарвыканкама, Дом культуры чыгуначнікаў і рэгіянальная тэлекампанія "Скіф".-0-