Салісты Марыінскага тэатра ўпершыню прадставяць балетны жанр на фестывалі імя І.Салерцінскага ў Віцебску

22 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Адметнай рысай XXII Міжнароднага музычнага фестывалю імя І.Салерцінскага, які адкрыецца 2 снежня ў Віцебску, стане ўнікальны канцэрт з удзелам салістаў Марыінскага тэатра (Санкт-Пецярбург). Пра гэта паведаміла сёння журналістам мастацкі кіраўнік Віцебскай абласной філармоніі Нэлі Мацаберыдзэ, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Афіша традыцыйнага форуму класічнай музыкі сёлета ўключае 10 канцэртных праграм разнастайнай жанравай палітры ад сімфанічнай музыкі да балета. "Упершыню на сцэне абласной філармоніі аб'яднаюцца два віды мастацтва - балет і класічная фартэпіянная музыка", - адзначыла Нэлі Мацаберыдзэ. Канцэрт пройдзе 3 снежня і стане своеасаблівым падарункам усім аматарам музыкі ў дзень нараджэння Івана Салерцінскага. У канцэрце возьмуць удзел народная артыстка Расіі, прыма-балерына Марыінскага тэатра Юлія Махаліна, заслужаны артыст Расіі, саліст балета Марыінскага тэатра Ілья Кузняцоў, а акампанатарам у іх выступіць адзін з найвядомейшых піяністаў свету Максім Магілеўскі (ЗША). У творчасці Івана Салерцінскага значнае месца адведзена балету, таму арганізатары вырашылі ўключыць гэты від мастацтва ў праграму фестывалю. Усе канцэртныя мерапрыемствы XXII фестывалю можна ўмоўна абазначыць некалькімі рубрыкамі. Так, фестывальная старонка Дзмітрыя Шастаковіча будзе прадстаўлена канцэртам-адкрыццём музычнага форуму, у якім выступіць струнны квартэт імя І.Стравінскага (Санкт-Пецярбург) з творамі вялікага рускага кампазітара. Чатыры канцэрты фестывалю можна аб'яднаць назвай "Руская выканальніцкая школа за мяжой", бо ў іх возьмуць удзел музыканты, якія атрымалі адукацыю ў Расіі, а цяпер пражываюць у іншых краінах свету. 4 снежня пройдзе канцэрт фартэпіяннай музыкі лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Ірыны Смолінай (ЗША) і Максіма Магілеўскага (ЗША). 13 снежня выступіць яшчэ адзін прадстаўнік рускай выканальніцкай школы піяніст Аляксандр Марковіч (Ізраіль). Прыхільнікі класічнай музыкі таксама змогуць пазнаёміцца з майстэрствам Рыгора Пенцялейчука (Францыя), які будзе дырыжыраваць сімфанічным аркестрам Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра, і піяніста Дзмітрыя Найдыча (Украіна). Не абышоў фестываль і 200-годдзе з дня нараджэння Фрыдэрыка Шапэна, якое адзначаецца сёлета. Юбілею вялікага польскага кампазітара будуць прысвечаны два канцэрты, у тым ліку выступленне вядомага айчыннага ансамбля салістаў "Класік-Авангард", які стаяў ля вытокаў віцебскага фестывалю і з'яўляецца пастаянным яго ўдзельнікам. Па традыцыі музыканты падрыхтавалі для фестывалю нечаканую музычную праграму, складзеную з рэдка выкананых твораў Фрыдэрыка Шапэна. Саліраваць на канцэрце камернай музыкі будуць лаўрэаты міжнародных конкурсаў, стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі Кацярына Марэцкая, Кацярына Матох і Аляксандр Музыкантаў. Завяршальным акордам музычнага фестывалю стане канцэрт арганнай музыкі лаўрэата міжнародных конкурсаў Эдуарда Аганесяна (Францыя), які пройдзе 22 снежня. Арганіст прадставіць праграму з твораў Іагана Себасцьяна Баха і Фелікса Мендэльсона. Форум класічнай музыкі ў Віцебску з'яўляецца адзіным у Беларусі камерна-музычным фестывалем, які сінтэзуе розныя віды мастацтва. Асноўнай задачай форуму з'яўляецца прапаганда сучаснага музычнага мастацтва і традыцый класічнай музычнай спадчыны, адраджэнне вялікіх культурных традыцый Віцебска, адкрыццё новых і адраджэнне забытых імёнаў у розных відах мастацтва. Арганізатарамі міжнароднага музычнага фестывалю імя І.Салерцінскага выступаюць Віцебскі аблвыканкам, гарвыканкам і дзяржаўная канцэртная ўстанова "Віцебская абласная філармонія". -0-