Саляная пячора з'явілася ў лепельскім цэнтры "Жамчужына"
16 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Саляная пячора адкрылася ў лепельскім дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры (ДРАЦ) "Жамчужына", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове.
Галакамера ўяўляе сабой пакой памерам каля 60 куб.м, сцены, столь і падлога якой пакрыты соллю. Асаблівы мікраклімат, набліжаны па сваіх уласцівасцях да сапраўдных саляных пячор, ствараецца з дапамогай спецыяльнай апаратуры, якая рэгулюе вільготнасць, тэмпературу, насычанасць паветра іёнамі солі і іншыя параметры.
Адначасова ў саляной пячоры "Жамчужыны" могуць знаходзіцца да 15 чалавек. Большага аздараўленчага эфекту пацыентам дапаможа дасягнуць рэлаксуючая музыка. Усе працэдуры праходзяць пад кантролем медработнікаў цэнтра. Працягласць сеансу складае 30 хвілін, кошт - Br10 тыс. Курс лячэння - 7-10 сеансаў.
Галатерапія рэкамендуецца пры хранічных паталогіях органаў дыхання (браhхітах, астмах, рынітах, фарынгітах, сінусітах і інш.), алергічных праявах, скурных паталогіях, захворваннях сардэчна-сасудзістай сістэмы, частых прастудах у дзяцей.
У запатрабаванасці саляной пячоры ў цэнтры не сумняваюцца: з 7,5 тыс. дзяцей, якія тут штогод аздараўляюцца, у галатерапіі маюць патрэбу 2,5 тыс., падкрэслілі спецыялісты.
Кошт праекта па стварэнні галакамеры склаў каля Br200 млн.
ДРАЦ "Жамчужына" размешчаны ў сасновым бары на беразе возера Шчыбот. Тут створаны ўсе неабходныя ўмовы для пражывання, аздараўлення і рэабілітацыі дзяцей з рознымі паталогіямі. Па выніках дзяржаўнай атэстацыі санаторна-курортных і аздараўленчых устаноў цэнтру прысвоена першая катэгорыя.-0-