Сонечны калектар і разумную вентыляцыю распрацоўвае Віцебскі каледж машынабудавання

Солнечный коллектор и умную вентиляцию разрабатывает Витебский колледж машиностроения
Праект, звязаны з энергазберажэннем і аховай навакольнага асяроддзя, паспяхова рэалізуецца ў Віцебскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы машынабудавання імя М. Шмырова.


Гэта навучальная ўстанова ўвайшла ў лік чатырох пераможцаў конкурсу ініцыятыў, які быў праведзены ў канцы пазамінулага года ў рамках рэалізацыі сумеснaга праекта ПРААН і Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь.


Выбар невыпадковы. Акрамя наяўнага досведу ўдзелу ў падачы заявак і працы з мэтавым фінансаваннем па стандартах ЕС – ПРААН, віцебскі каледж славіцца даўнімі традыцыямі па распаўсюджванні ведаў у сферы энергазберажэння. Тут навучаюць культуры беражлівага і рацыянальнага выкарыстання прыродных багаццяў. Навучэнцы і выкладчыкі не раз станавіліся прызёрамі рэспубліканскіх конкурсаў «Энергамарафон». Важна і тое, што, выйшаўшы за сцены навучальнай установы, яго выпускнікі, валодаючы асновамі ведаў па энергазберажэнні, будуць прымяняць іх на сваіх працоўных месцах.

– Эканомія рэсурсаў, «зялёная эканоміка» і недапушчэнне кліматычных змен – прыярытэтныя напрамкі для Еўрасаюза. Мы заклікаем людзей змяніць свае побытавыя звычкі, дзякуючы чаму паляпшаецца сітуацыя ў цэлым. Сёння мы ўбачылі вельмі добры прыклад таго, што можа быць зроблена ў гэтым напрамку, – адзначыла на прэзентацыі пілотнага праекта «Павышэнне энергаэфектыўнасці дэманстрацыйнага аб'екта ўстановы адукацыі» кіраўніца прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын.


Мэта праекта, прафінансаванага сумеснымі намаганнямі (Еўрасаюз – 51%, або больш за 400 тыс. долараў, астатнія 49% сродкаў выдзелена з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў), – павышэнне эфектыўнасці выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў праз прымяненне сучасных тэхналогій і мер на аб'ектах інфраструктуры ўстаноў адукацыі ў Віцебскай вобласці.

Работы пачаліся ў лістападзе 2015 года, за мінулы час былі ўстаноўлены сонечныя калектары, сістэма вентыляцыі з рэкуперацыяй цяпла, заменены вокны, зроблена цеплавая ізаляцыя сцен будынка і многае іншае. Як распавяла дырэктар каледжа Таццяна Трушаніна, толькі на электраэнергіі навучальная ўстанова за год зэканоміла каля тысячы долараў.

– Геліякалектар на даху будынка дазваляе круглы год задавольваць патрэбу ў гарачай вадзе. А разумная сістэма вентыляцыі выпрацоўвае выцяжку паветра з класаў і кабінетаў, награваючы пры гэтым рэгенератар да пакаёвай тэмпературы. Затым упускае ў памяшканні свежае паветра з вуліцы, аддаючы яму назапашанае цяпло, – адзначае Таццяна Трушаніна.

Падчас экскурсіі па каледжы яна распавяла аб створанай тут школе рацыянальнага энергаспажывання. Выкладчыкі розных дысцыплін праводзяць урокі з ухілам на энергазберажэнне. Напрыклад, вывучаючы інфарматыку, навучэнцы атрымліваюць заданне стварыць прэзентацыю па ўтылізацыі або перапрацоўцы адходаў. А яшчэ распрацоўваюць камп'ютарную гульню, галоўны герой якой Saveмan – «зберагальнік».

– Нашы навучэнцы атрымліваюць энергаёмістыя прафесіі. Такар, фрэзероўшчык, слесар, электрык, электраманцёр – усе яны звязаны з электрычнасцю. Нам трэба навучыць будучых спецыялістаў эканоміць, каб хлопцы ўсвядомілі неабходнасць берагчы рэсурсы. А калі яны навучацца рабіць гэта ў майстэрні, то свае веды і навыкі прыўнясуць і на вытворчасць, – лічыць дырэктар навучальнай установы.


Яе думку падтрымала Андрэа Віктарын – ёй, педагогу па адукацыі, праекты з удзелам моладзі асабліва блізкія. Бо ў руках маладога пакалення будучыня планеты.

– Наша вобласць актыўна ўдзельнічае ў ініцыятывах ПРААН, еўрапейскіх арганізацый і фондаў. На падобных праектах мы вучымся і сафінансаванню, і распрацоўцы праграм, і комплексным закупкам, і раз'ясняльнай рабоце сярод насельніцтва. Яны не проста дапамагаюць нам займацца, як у дадзеным выпадку, эканоміяй энергурэсурсаў, але і збліжаюць нацыянальнасці і народнасці, – падкрэсліў намеснік

старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч і агучыў падзяку ад імя ўлады прадстаўніцтву ЕС, ПРААН у Беларусі, айчынным арганізацыям і кампаніям, якія прынялі ўдзел у рэалізацыі на Віцебшчыне такога неабходнага праекта, арыентаванага на рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў і выхаванне адказнага і паважлівага стаўлення да навакольнага асяроддзя.

Дарэчы, сёлета стартаваў новы праект «Зялёныя гарады», які фінансуецца Глабальным экалагічным фондам. Ён разлічаны на некалькі гадоў, у якасці пілотных выбраны аб'екты ў Полацку і Наваполацку.

Таццяна Пастэрнак. Фота Антона Сцяпанішчава. «Віцебскія весці».