«Сон у летнюю ноч» і «Кот у ботах». Якія яшчэ прэм’еры запланаваны ў віцебскім драмтэатры?

«Сон в летнюю ночь» и «Кот в сапогах». Какие еще премьеры запланированы в витебском драмтеатре?
Камедыя англійскага драматурга «Сон у летнюю ноч» з’явіцца ў рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Якія яшчэ прэм’еры чакаюць прыхільнікаў Мельпамены, расказалі на прэс-канферэнцыі, прысвечанай новаму, 94-му па ліку, тэатральнаму сезону.

А адкрыўся ён у мінулы аўторак традыцыйна – спектаклем «Нясцерка», якому сёлета споўнілася 78 гадоў. Галоўную ролю ў ім сыграў вядучы майстар сцэны Пётр Ламан, які адзначыў у ліпені свой юбілей. Так што Нясцерка на гэты раз быў бенефіцыянтам, яго творча падтрымаў мастацкі кіраўнік тэатра Міхаіл Краснабаеў, які ўспомніў сваю сцэнічную маладосць і выканаў ролю Школьніка.

Дарэчы, сёлетні сезон багаты на юбілеі артыстаў. Круглыя даты будуць святкаваць Генадзь Гайдук, Галіна Букаціна, Георгій Лойка, Вячаслаў Грушоў, 75-годдзе адзначыць Віктар Дашкевіч, 85-годдзе – Тадэуш Кокштыс.

Да канца года ў афішы з’явяцца тры новыя спектаклі. Міхаіл Краснабаеў прыступіў да рэпетыцыі п’есы Маргарэт Мэйо і Марыса Энекена «Мая жонка хлусіць». Мастацкі кіраўнік лічыць, што камедыя сітуацый прыйдзецца па душы гледачам. Рэжысёр Ірына Цішкевіч бярэцца за твор нашага земляка Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Вячаслаў Грушоў паставіць да навагодніх святаў казку Шарля Перо «Кот у ботах».

На зіму і вясну 2020 года запланавана некалькі прэм’ер, у тым ліку шэкспіраўскі «Сон у летнюю ноч». Іншыя пастаноўкі тэатр пакуль вырашыў не афішаваць. 

Сёлета каласаўцы прымалі ўдзел пасля амаль 15-гадовага перапынку ў фестывалі «Белая вежа», які праходзіў у дні святкавання 1000-годдзя Брэста. Больш за тое, спектаклем «Сымон-музыка» адкрывалі праграму тэатральнага форуму. Сёлеташняй восенню віцебская трупа плануе выехаць на фестывалі ў Мікалаеў (Украіна) і Бабруйск.

А на коласаўскай сцэне пройдуць гастролі Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча (Бабруйск).

Пасля летніх канікул коласаўскую трупу пакінулі шэсць артыстаў, якія актыўна былі занятыя ў многіх спектаклях. Папоўніўся калектыў толькі двума выпускніцамі Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў. На жаль, з тэатральнай акадэміі ніхто не спяшаецца ў Віцебск. Зрэшты, як адзначыў дырэктар Коласаўскага тэатра Аляксандр Старых, падобная сітуацыя ў многіх тэатрах. Артысты шукаюць сябе і мяняюць месца працы. З правінцыі з'язджаюць у Мінск, з беларускай сталіцы – у Маскву. Таму кіраўніцтва Коласаўскага тэатра робіць стаўку на пошук талентаў непасрэдна ў каледжы, і Міхаіл Краснабаеў вырашыў выкладаць ва ўстанове адукацыі, каб лепш разгледзець сярод яго навучэнцаў будучых артыстаў. 

 

"Віцебскія весці".