СААТ «Белвест» выпусціла 40-мільённую пару абутку
Элегантныя басаножкі мадэлі «Анталія» 37-га памеру бірузовага колеру. Менавіта так выглядае 40-мільённая пара, што спынілася з канвеера СТАА «Белвест». Яе аўтар – малады мастак-дызайнер, выпускніца Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта Алеся Хаміцэвіч. Восенню мінулага года дзяўчына прайшла навучанне ў італьянскай школе дызайну абутку. Як і іншыя супрацоўнікі прадпрыемства, якія змаглі пераняць досвед вядомых сусветных вытворцаў. Юбілейная «Анталія», натхнёная італьянскімі матывамі, застанецца ў музеі, але іншыя басаножкі гэтай мадэлі можна ўжо ўбачыць на прылаўках крам разам з астатняй калекцыяй вясна-лета 2013.
Вельмі сімвалічна, што 40-мільённай парай аказаўся менавіта абутак моладзевага асартыменту: адлюстроўвае рух наперад і дух навізны, якія так уласцівыя сёння прадпрыемству. Для аднаго з найбуйнейшых прадстаўнікоў абутковай прамысловасці гэта не проста лічба, а значная падзея, якая супала з 25-годдзем самога «Белвеста». За важнай датай шматлікія работнікі і спецыялісты, пастаяннае ўдасканаленне працэсу вытворчасці, дызайнерскія знаходкі. У выніку – стабільнасць на спажывецкім рынку.
Большая частка выпускаемай прадукцыі ідзе на экспарт – звыш 70 працэнтаў. З іх да 65 працэнтаў – у Расію. Ствараецца ўражанне, што ўсё лепшае з'язджае за мяжу. Але, на думку генеральнага дырэктара СТАА «Белвест» Юрыя Суманеева, усё справа ў тым, што ў айчынных гандлёвых прадпрыемстваў адсутнічае смеласць замовы, гэта значыць паступаюць невялікія партыі цікавага яркага асартыменту, якія хутка раскупляюць. У выніку застаецца тое, што застаецца. Выправіць сітуацыю дапамагае фірмовы гандаль. На сённяшні дзень маецца 40 крам «Белвест» у Беларусі, 286 – у Расійскай Федэрацыі.
– Мы ўжо дайшлі да Байкала, цяпер імкнемся дасягнуць Ціхага акіяна. Трэба асвойваць наяўныя рынкі. Няма сэнсу заваёўваць еўрапейскую прастору, дзе ніша абутковай вытворчасці занятая. Пакуль яшчэ ёсць куды расці ў Расіі, – падкрэсліў Юрый Генадзьевіч.
Зрэшты, Прыбалтыка прадпрыемству ўсё ж цікавая, бо за ёй Калінінградская вобласць. У Латвіі ўжо адкрыта 8 фірменных крам, марка пазнавальная і запатрабаваная. Прапрацоўваецца пытанне і па адгрузках у Казахстан.
Зразумела, што пашырэнне экспартных рынкаў патрабуе павелічэння аб'ёмаў. Такая задача пастаўлена прадпрыемству і Урадам Рэспублікі Беларусі: дасягнуць 6-мільённага рубяжа ў год. Для гэтага трэба пашыраць вытворчыя плошчы. Цяпер прапрацоўваюцца пытанні наладжвання выпуску абутку на базе невыкарыстоўваемых памяшканняў ААТ «Завод прыбораў аўтаматычнага кантролю» ў Оршы, а таксама стварэння гарбарска-абутковага холдынгу. Аднак, як адзначыў Юрый Суманееў, для вырашэння задачы недастаткова высокатэхналагічнага абсталявання, патрэбныя спецыялісты. Людзей ёсць чым прыцягнуць: сярэдняя заработная плата 4400 тысяч рублёў, будаўніцтва жылля для работнікаў, шырокае кола сацыяльных гарантый. Справа за сістэмай адукацыі.
Вольга МАСЛОЎСКАЯ, «Віцебскі рабочы». Фота аўтара.