СААТА "ЛЛК-Нафтан" плануе асвоіць рынкі ААЭ, Ірана, Пакістана і Афрыкі
22 ліпеня, Мінск /Ірына Аніскевіч - БЕЛТА/. СААА "ЛЛК-Нафтан" (г.Наваполацк) у 2010 годзе плануе асвоіць новыя рынкі збыту - ААЭ, Іран, Пакістан і шэраг дзяржаў Афрыкі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў аддзеле маркетынгу прадпрыемства.
З прадстаўнікамі гэтых краін ужо заключаны кантракты на пастаўку прадукцыі. У прыватнасці, новым замежным спажыўцам плануецца рэалізоўваць пакеты прысадак да змазачных алеяў РА-2503-1, РА-2503-2, РА-2503-3, РА-2503-4, РА-4501. Гэтыя шматфункцыянальныя пакеты прысадак для атрымання ўніверсальных маторных алеяў для легкавога і камерцыйнага аўтатранспарту ўжываюцца разам з загушчальнымі, дэпрэсарнымі і акісляльнымі прысадкамі.
Спецыялісты растлумачылі, што пры сучасным узроўні развіцця рухавінабудавання выкарыстанне алею без прысадак практычна немагчыма, бо яны забяспечваюць эфектыўную абарону рухавіка. З гэтай прычыны ўсе сучасныя маторныя алеі маюць у сваім складзе пакет прысадак, утрыманне якіх сумарна можа дасягаць 20%.
На рынак Пакістана будуць таксама пастаўляцца дэпрэсарная прысадка "Лукойл" LLK-2508-1. Яна прадухіляе зрастаньне крышталёў парафіну і тым самым згушчэнне маторнага алею, якое адбываецца пры паніжэнні яго тэмпературы да мінус 15 градусаў.
Аб'ёмы паставак будуць вызначаць заказчыкі, аднак ёсць інфармацыя, што патрэба ў прысадках у буйных вытворцаў маторных алеяў у ААЭ, Іране, Пакістане і дзяржавах Афрыкі вялікая, адзначылі на прадпрыемстве.
Па дадзеных аддзела маркетынгу, у бягучым годзе СААА "ЛЛК-Нафтан" плануе павялічыць аб'ём вытворчасці на 43% у параўнанні з 2009 годам і выпусціць 29,1 тыс.т прадукцыі. Экспартныя пастаўкі плануецца павялічыць на 53%. У цяперашні час 85% прадукцыі, што вырабляецца на прадпрыемстве, пастаўляецца ў Расію, Узбекістан, Украіну, Турцыю, Румынію, Латвію, Польшчу, Славакію, Татарстан.
СААА "ЛЛК-Нафтан" створана 28 красавіка 2006 года на выкананне пратакола даручэнняў Прэзідэнта Беларусі. Заснавальнікамі з'яўляюцца ААТ "Нафтан" (Беларусь) і кампанія LLK International B.V. (Нідэрланды, даччыная кампанія ААТ "ЛУКОЙЛ", Расія). Асноўнымі напрамкамі дзейнасці СААА "ЛЛК-Нафтан" з'яўляюцца вытворчасць і рэалізацыя прысадак і пакетаў прысадак да змазачных алеяў, першачарговае забеспячэнне прысадкамі, пакетамі прысадак да змазачных алеяў ААТ "Нафтан" і заводаў ААТ "ЛУКОЙЛ", у тым ліку ў мэтах зніжэння залежнасці названых прадпрыемстваў ад імпарту прысадак з далёкага замежжа. Пры гэтым СААА "ЛЛК-Нафтан" валодае найбуйнейшымі вытворчымі магутнасцямі па выпуску прысадак да алеяў на тэрыторыі СНД. Асартымент выпускаемай прадукцыі ўключае ў сябе прадукты розных функцыянальных груп, здольныя забяспечыць шырокі дыяпазон эксплуатацыйных уласцівасцей сучасных алеяў.-0-